Жыхароў Быхаўскага раёна запрашаюць паўдзельнічаць у распрацоўцы лагатыпа на тэму ЗЛЖ. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў раённым выканаўчым камітэце.

У конкурсе лагатыпаў «Быхаў – здаровы горад» могуць прымаць удзел фізічныя, юрыдычныя асобы і аўтарскія калектывы. Для гэтага неабходна да 12 кастрычніка накіраваць на пошту byhov_ok@mogilev.by заяўку, а таксама конкурсную працу ў электроннай форме ў выглядзе каляровага малюнка, выкананага ў любой тэхніцы (уключаючы камп’ютарную графіку). Фармат файла –.jрg, .psd, .cdr, .ai. Памер файла – не менш за 600 dpi, не больш за 2 Мb.

Асноўныя графічныя элементы лагатыпа павінны без страты распазнавальнасці прайгравацца ў любым памеры – як на памяншэнне, так і павелічэнне, быць прыдатныя да ўзнаўлення на любых носьбітах (папера, кардон, пластык, шкло і г.д.).

Малюнак лагатыпа важна суправадзіць кароткай тлумачальнай запіскай, якая раскрывае творчую ідэю аўтара, а таксама прапановы ў дачыненні да імя (назвы) лагатыпа.

Колькасць заявак ад аднаго ўдзельніка не абмяжоўваецца. У выпадку, калі праца выканана аўтарскім калектывам, паказваюцца звесткі аб кожным удзельніку.

Конкурсныя работы будуць размешчаны на афіцыйным сайце раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя» для правядзення народнага галасавання.