RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жыхароў Магілёўскай вобласці запрашаюць прыняць удзел у акцыі «Тыдзень лесу–2020»

Жыхароў Магілёўскай вобласці запрашаюць прыняць удзел у акцыі «Тыдзень лесу – 2020». Традыцыйнае мерапрыемства адбудзецца 28 сакавіка–4 красавіка, паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні.

Паводле слоў суразмоўцаў, у лясгасах рэгіёна будуць падрыхтаваны спецыяльныя аб’екты, на якіх добраахвотнікам дадуць магчымасць пасадзіць дрэвы, добраўпарадкаваць тэрыторыю, прыняць удзел у навядзенні парадку ў лесе, стварыць памятную алею або закласці дэндрапарк. «Кожны зможа выбраць, якім чынам унесці свой уклад у справу захавання і памнажэння лясных багаццяў рэспублікі, – падкрэслілі суразмоўцы. – Арганізацыі лясной гаспадаркі забяспечаць усіх пасадачным матэрыялам і прыладамі працы».

Штогод да мерапрыемства далучаецца ўсё большая колькасць жыхароў Прыдняпроўскага краю. У акцыі таксама прымаюць актыўны ўдзел прадстаўнікі Савета Міністраў, дэпутацкага корпуса, кіраўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, грамадскіх арганізацый, бізнес-супольнасцяў. У 2019-м у Магілёўскай вобласці падчас «Тыдня лесу» высадзілі больш за 3,5 млн.саджанцаў лесаўтваральных парод, аблесена каля 130 га плошчаў. У праекце прыняло ўдзел 8,5 тыс.чалавек. Валанцёры і работнікі лесагаспадарчых устаноў рэгіёна прыбралі на тэрыторыі ляснога фонду каля 1,1 тыс. куб. м смецця, адрамантавалі 68 месцаў адпачынку. Падчас добраахвотнай акцыі ў лясгасах вобласці з’явілася больш за дваццаць алей памяці.

Акцыя «Тыдзень лесу» праводзіцца з 2007 года па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі пры ўдзеле Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамаў, Беларускага таварыства лесаводаў і іншых арганізацый на землях ляснога фонду Беларусі. Сёлета яна адбудзецца ўжо 13-ым разам і будзе прымеркавана да Года малой радзімы і прысвечана 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая