Чым адметным сустрэнуць прафесійнае свята рэгіянальныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі

У першыя выхадныя восенi горад Касцюковiчы прымае XXXIII Дзень беларускага пiсьменства. Маштабнае нацыянальнае свята традыцыйна аб'яднала пiсьменнiкаў, выдаўцоў, навукоўцаў i мноства гасцей вакол iдэi захавання гiсторыка–культурнай спадчыны i папулярызацыi роднага слова. Напярэдадні карэспандэнт «СГ» пагаварыла з кіраўнікамі абласных і Мінскага гарадскога аддзяленняў Саюза пісьменнікаў аб іх планах і спадзяваннях.


Таццяна Дземідовіч, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi:

— Нашы творцы настроены ўзнёсла, гатовы на другiх паглядзець i сябе паказаць. З радасцю ўдзельнiчаем у аўтограф–сесii жанчын–пiсьменнiц «Беларускiя жанчыны — неўмiручая краса», падтрымлiваем паэтычны марафон «Гордасць, пэўна, узялi вы ў Рагвалодавай Рагнеды...». Шчыра i прыгожа гучаць вершы, прысвечаныя знакамiтым жанчынам. А вiктарына «Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваiх» — для тых, хто адважыцца адгадаць беларускую паэтку па чатырохрадкоўях. Таксама падвядзём вынiкi музычна–паэтычнага конкурсу памiж пiсьменнiкамi Магiлёўскага i Брэсцкага аддзяленняў «Песняй i вершам» на прызы Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, прэзентуем кнiжныя навiнкi пiсьменнiкаў Брэсцкага абласнога аддзялення Васiля Казачка, Наталлi Андрасюк, Зiнаiды Дудзюк i Валерыя Грышкаўца. З творчымi пошукамi i набыткамi звернецца да прысутных маладая пiсьменнiца з Ганцавiчаў Яўгенiя Пракапчук.

Тамара Краснова–Гусачэнка, старшыня Вiцебскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi:

Прозвiшчы пяцi прадстаўнiкоў нашага аддзялення ў спiсе фiналiстаў Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii. Сёлета гэта Вольга Русiлка (кнiга «Котра», намiнацыя «Лепшы твор паэзii»), Вiктар Улюценка («Заревая отчина», тая ж намiнацыя), Мiкалай Хахлоў («Противостояние», намiнацыя «Лепшы твор прозы»), Галiна Трафiмава i Сяргей Трафiмаў («Тайны нашей крови», намiнацыя «Лепшы твор для дзяцей i юнацтва»). Цi атрымаюць яны запаветную ўзнагароду, стане вядома зусiм хутка. У Касцюковiчах мы з калегамi прадстаўляем свае кнiгi, чытаем творы, ствараючы натхняльную лiрычную атмасферу, якой заўсёды адрознiваецца гэтае свята. Мы ганарымся тым, што наша вакалiстка Вiкторыя Лабкоўская адкрые вялiкi канцэрт Саюза пiсьменнiкаў Беларусi на галоўнай сцэне песняй «Люблю цябе, Белая, Белая Русь!» на вершы Уладзiмiра Карызны. Таксама прагучыць прэм'ера песнi «Душа — гениальная форма спасения» на мае словы. Мне прыемна, што, знаходзячыся ў эпiцэнтры грамадскага i культурнага жыцця краiны, лiтаратары Вiцебшчыны паспяваюць плённа працаваць на творчай нiве. Толькi за мiнулы год выдадзена каля паўсотнi новых кнiг. А Дзень беларускага пiсьменства традыцыйна становiцца кропкай адлiку, калi можна падвесцi прамежныя вынiкi працы, прааналiзаваць зробленае i намецiць планы. Нагадваючы аб тым, што 2026‑ы аб'яўлены Годам беларускай жанчыны, хачу адзначыць, што вялiкая частка нашых пiсьменнiкаў — гэта прадстаўнiцы прыгожага полу. I тэма жанчыны — мамы, дачкi, каханай — адна з вядучых.

Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў:

— Гомельская вобласць традыцыйна прадстаўляе разнастайныя праекты, якія адлюстроўваюць яе культурную спадчыну, літаратурныя традыцыі і гістарычныя дасягненні рэгіёна. На пляцоўцы аддзялення пройдзе прэзентацыя новых кніг 14‑й абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага з удзелам лаўрэатаў міжнародных альманахаў «Літара» (2026) і «Літаратурная Гомельшчына (2026), а таксама прэзентацыя маёй кнігі «Выбраныя творы». Мы падрыхтавалі літаратурна–музычную праграму «Ад краю Палескага, ад зямлі святога Кірылы Тураўскага...», канцэртную паэтычна–музычную імпрэзу «Для жанчын, для нашых каханых» лаўрэата міжнародных і літаратурных прэмій Віктара Задарожнага. Хутка адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод лаўрэатам і фіналістам міжнародных конкурсаў «Беларусь — Расія. Сожскія берагі дружбы — 2026» и «Божая сцежка» сярод удзельнікаў ад Рэспублікі Беларусь. Таксама запланавана ўрачыстая перадача святочнага падарунка Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Кнігі лаўрэатаў розных прэмій ад ураджэнцаў Гомельшчыны папоўняць яе фонд.

Людмiла Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi:

Гродзеншчына прад–ставiць свае кнiгi i лiтаратурныя праекты, раскажа пра работу СМI, прывязе рэдкiя выданнi па гiсторыi рэгiёна i пазнаёмiць гасцей з майстэрствам народных умельцаў. Цэнтрам прыцягнення гасцей стане фестываль кнiгi i прэсы. На гэтай пляцоўцы Прынёманскi край прэзентуе кнiжныя навiнкi i публiкацыi пра яго багатую культурную спадчыну. Асобныя тэматычныя падборкi будуць прысвечаны Году беларускай жанчыны i 85‑годдзю пачатку Вялiкай Айчыннай вайны. Таксама ў экспазiцыю ўвайшлi выданнi пра Гродна i яго наваколле. Асаблiвае месца зоймуць творы мясцовых аўтараў, якiя ўдзельнiчалi ў абласных лiтаратурных конкурсах i былi адзначаны прэмiямi. Ажывуць пляцоўкi паэтычнымi чытаннямi, прэзентацыямi, аўтограф–сесiямi.

Будуць прэзентаваны творы такіх вядомых аўтараў, як Віктар Кудлачоў, Браніслаў Ермашкевіч. Свае кнігі і новыя вершы прадставяць лаўрэаты абласнога літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча Тамара Мазур, Юлія Мельнік, Андрэй Дарожкін і іншыя маладыя літаратары.

Вольга Бялова, старшыня Магiлёўскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi:

— Касцюковiчы рады вiтаць гасцей! Да XXXIII Дня беларускага пiсьменства наша аддзяленне СПБ падрыхтавала альманах «Прыдняпроўе: Магiлёўшчына лiтаратурная», прысвечаны абвешчанаму ў Беларусi Году беларускай жанчыны i светлай памяцi песняра магiлёўскай зямлi Алеся Казекi. Сёння на пляцоўцы «Друкаванае слова i новыя медыя» праходзяць сустрэчы з блогерамi i пiсьменнiкамi (Жанна Усцiнава, Алена Кiсель, Галiна Пярун, Алена Любчанка) з цiкавымi розыгрышамi, iнтэрактывам у межах творчага сумеснага праекта iнфармацыйнага агенцтва «Магiлёўскiя ведамасцi» i Магiлёўскага аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi «З табой маё слова, Радзiма». А заўтра на галоўнай сцэнiчнай пляцоўцы адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў лiтаратурных конкурсаў «З табой маё слова, Радзiма», «I кружыцца планета Куляшова», якiя праводзяцца штогод Магiлёўскiм абласным аддзяленнем Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Пераможцы прыедуць з усiх куточкаў нашай краiны. Бачна шчырая цiкавасць гасцей i ўдзельнiкаў свята да экспазiцыi са старадрукаванымi, факсiмiльнымi i мiнiяцюрнымi выданнямi з фондаў вядучых бiблiятэк, музеяў i дыяцэзiй. А экспазiцыя «Кабiнет пiсьменнiка» здзiўляе ўнiкальнымi рукапiсамi, асабiстымi рэчамi, рэдкiмi архiвамi i фатаграфiямi беларускiх класiкаў. У хуткiм часе ў горадзе ўрачыста адкрыюць скульптурную кампазiцыю «Алесь i Алеся» (па творах Аркадзя Куляшова), правядуць пагашэнне маркi i запусцяць пешаходны QR–квэст «Мая Касцюкоўшчына». Праходзiць рэспублiканская навукова–практычная канферэнцыя «Касцюковiцкiя чытаннi — 2026» i мiжнародны круглы стол лiтаратараў. Адбудзецца iмпрэза «Дарогамi жыцця Мiкалая Чаргiнца» з удзелам народных артыстаў Беларусi Эдуарда Ханка i Марыi Захарэвiч. I, безумоўна, Магiлёўшчына i Саюз пiсьменнiкаў Беларусi падрыхтавалi маштабную праграму памяцi выдатнага паэта i кiраўнiка Магiлёўскага абласнога аддзялення СПБ Алеся Казекi, якi пайшоў з жыцця ў сёлетнім чэрвенi.

Леанiд Крыванос, старшыня Мiнскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi:

Дэлегацыя паэтаў Мiншчыны прадставiць творчую iмпрэзу «Без жанчыны няма Айчыны» да Года беларускай жанчыны. Не пакiне прысутных раўнадушнымi лiтаратурная праграма «Мы помнiм пра год сорак першы!», прымеркаваная да 85‑годдзя першых баёў Вялiкай Айчыннай вайны. Адбудзецца прэзентацыя калектыўнага зборнiка «Сiнякрылы матылёк», створанага да 135‑годдзя Максiма Багдановiча. Аматары мастацкага слова змогуць набыць кнiгi з аўтографамi Iрыны Карнаухавай, Вiктара Сабалеўскага, Людмiлы Круглiк, Аляксандра Бычкоўскага, Рагнеда Малахоўскага i другiх прадстаўнiкоў лiтаратурнай Мiншчыны. З задавальненнем прымем удзел у канцэрце СПБ на галоўнай сцэне свята i абавязкова ўшануем памяць паважаных Мiкалая Чаргiнца i Алеся Казекi.

 

Мiхась Пазнякоў, старшыня Мiнскага гарадскога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi:

— Мы падрыхтавалi прэзентацыю калектыўных зборнiкаў: «Горький вкус чернобыльского пепла», прымеркаванага да 40‑годдзя чарнобыльскай трагедыi, i «Багдановiча вечная зорка», прысвечанага 135‑годдзю з дня нараджэння класiка. Жыхары i госцi Касцюковiчаў убачаць паэтычна–музычную iмпрэзу «Мы дзень твой славiм, Беларусь!». Лаўрэат Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Уладзiмiр Мазго прэзентуе навiнкi «Водар маленства» i «Золак залаты», а Таццяна Жылiнская — зборнiк паэзii «Из окраины». Пазнаёмiць са сваёй творчасцю прысутных паэтэса Яўгенiя Пракапчук. А я з задавальненнем прачытаю нiзку вершаў са сваiх кнiг «Шануем, любiм i ганарымся» i «Радзiмы вечнае святло». У нядзелю далучымся да шэрагу выступоўцаў паэтычна–музычнага канцэрта, прысвечанага Году беларускай жанчыны, i прэзентуем кнiгу «Гiмн беларускай жанчыне». У творчай палiтры нашых аўтараў безлiч унiкальных фарбаў–вобразаў, якiя адлюстроўваюць шматграннасць жаночай натуры. Яшчэ мы з радасцю падтрымаем прэзентацыю дэбютнай кнiгi маладой пiсьменнiцы Палiны Корневай «Запiскi юнай хiрургiнi», а таксама пазнаёмiмся з друкаванымi навiнкамi Тамары Кавальчук, Наталлi Саветнай, Святланы Ластачкiнай i Наталлi Святловай.

Екатерина Ровдо, СБ