Згодна з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» грамадзянам могуць прызначацца працоўныя і сацыяльныя пенсіі.
Працоўныя пенсіі прызначаюцца:
– па ўзросце;
– па інваліднасці;
– з нагоды страты кармільца;
– за выслугу гадоў;
– за асаблівыя заслугі перад рэспублікай.
Права на працоўную пенсію маюць асобы, якія ў перыяд работы або занятку іншымі відамі дзейнасці падлягалі дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні выпадках выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей – бюджэт фонду), і іх сем’і пры захаванні іншых умоў, прадугледжаных Законам.
Для прызначэння ў 2020 годзе працоўнай пенсіі па ўзросце, у тым ліку пры няпоўным стажы працы, датэрміновай пенсіі за працу з асаблівымі ўмовамі працы, а таксама пенсіі за выслугу гадоў, патрабуецца не менш за 17 гадоў 6 месяцаў стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні (далей – страхавы стаж).
Штогод з 1 студзеня працягласць страхавога стажу павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў да 2025 года.
Страхавы стаж меншай працягласці патрабуецца для прызначэння пенсіі па ўзросце асобным катэгорыям грамадзян:
не менш за 5 гадоў – для прызначэння датэрміновай пенсіі па ўзросце бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства); шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей; інвалідам з дзяцінства; інвалідам вайны; маці вайскоўцаў, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы; ліліпутам і карлікам;
не менш за 10 гадоў – для прызначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах грамадзянам, якія маюць працяглы стаж працы (не менш за 40 гадоў у мужчын і не менш за 35 гадоў у жанчын), а таксама грамадзянам, у якіх маецца не менш за 10 каляндарных гадоў ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях) пры наяўнасці агульнага стажу працы не менш за 25 гадоў у мужчын і не менш за 20 гадоў у жанчын і адсутнасці права на пенсію ў адпаведнасці з заканадаўствам аб пенсійным забеспячэнні вайскоўцаў.
Для прызначэння працоўнай пенсіі па інваліднасці або з нагоды страты кармільца дастаткова факту выплаты страхавых узносаў (наяўнасць 1 дня страхавога стажу).
Непрацаздольныя грамадзяне, якія не атрымліваюць працоўную пенсію, маюць права на сацыяльную пенсію на ўмовах, што вызначаюцца Законам.