RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі спрашчаецца парадак выканання знешнегандлёвых дагавораў

З 9 ліпеня 2021 г. у сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2003 г. № 226-З «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (далей–Закон № 226-З) і Указа ад 8 ліпеня 2021 г. № 265 «Аб змяненні указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (далей – Указ № 265) спрашчаецца парадак выканання знешнегандлёвых дагавораў.

Указам № 265 унесены змяненні ў шэраг указаў, у тым ліку ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2008 г. № 178 «Аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый» (далей– Указ № 178).

У прыватнасці, з Указа № 178 выключаны палажэнні, якія ўстанаўліваюць гранічныя тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый. Таксама выключаны нормы аб прадаўжэнні тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый на падставе дазволаў Нацыянальнага банка. Згодна з прадугледжанай у Законе № 226-З канцэпцыяй, тэрміны выканання абавязацельстваў устанаўліваюцца на дагаворнай аснове (па пагадненні бакоў) з улікам эканамічнай мэтазгоднасці.

Акрамя таго, новая рэдакцыя Указа № 178 не ўтрымлівае абмежаванняў у дачыненні да спосабаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый і парадку разлікаў па знешнегандлёвых дагаворах. Пры гэтым згодна з Законам № 226-З для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў-рэзідэнтаў з 9 ліпеня 2021 г. прадугледжаны абавязак па залічэнні беларускіх рублёў і (або) замежнай валюты на свае рахункі, адкрытыя ў банках Рэспублікі Беларусь (рэпатрыяцыя), па валютных дагаворах, якія прадугледжваюць экспарт, а пры імпарце – беларускіх рублёў і (або) замежнай валюты ў выпадку вяртання грашовых сродкаў пры невыкананні або выкананні не ў поўным аб’ёме нерэзідэнтам сваіх абавязацельстваў. Акрамя гэтага,у Законе № 226-З устаноўлены выпадкі, у якіх дазваляецца павялічыць тэрмін рэпатрыяцыі, а таксама вызначана дата, з якой спыняецца абавязак рэзідэнта па рэпатрыяцыі ў кожным канкрэтным выпадку. Таксама з прыняццем Указа № 265 адменены абавязак рэзідэнтаў рэгістраваць знешнегандлёвыя дагаворы ў банках.

Нарматыўныя прававыя акты, прынятыя да 9 ліпеня 2021 г. у развіццё Указа № 178, будуць прыведзены ў адпаведнасць з палажэннямі Указа № 265 ва ўстаноўленым парадку.

Указам № 265 таксама ўстаноўлена, што дзеянне палажэнняў Указа № 178, звязаных з абавязкам рэзідэнтаў забяспечыць завяршэнне знешнегандлёвых аперацый у тэрміны, устаноўленыя ў адпаведнасці з дзеючым да 9 ліпеня 2021 г. заканадаўствам, не распаўсюджваецца на знешнегандлёвыя аперацыі, тэрміны завяршэння якіх мінаюць у перыяд з 21 чэрвеня па 8 ліпеня 2021 г. Такім чынам, па знешнегандлёвых аперацыях, тэрміны завяршэння якіх мінаюць у гэты перыяд, рэзідэнтам не патрабуецца атрымання дазволу Нацыянальнага банка на падаўжэнне гэтых тэрмінаў.

Пачынаючы з 9 ліпеня 2021 г. не патрабуецца звяртацца ў Нацыянальны банк за прадаўжэннем тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый.

Таксама з 9 ліпеня 2021 г. не прымяняюцца ў працы выдадзеныя Нацыянальным банкам дазволы на падаўжэнне тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый. Тэрміны рэпатрыяцыі па дагаворах, якія прадугледжваюць экспарт(імпарт), у тым ліку па якіх тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый былі падоўжаныя дазволамі Нацыянальнага банка, вызначаюцца рэзідэнтамі зыходзячы з умоў гэтых дагавораў у адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 19 Закона № 226-З і главы 3 інструкцыі аб правядзенні валютных аперацый, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 31 мая 2021 г. № 147.

Зыходзячы з патрабаванняў Закона №226-З і Указа № 265, па дагаворах, па якіх тэрміны выканання абавязацельстваў нерэзідэнтаў наступілі да ўступлення ў сілу Закона № 226-З, у мэтах вызначэння тэрмінаў рэпатрыяцыі ў якасці даты выканання нерэзідэнтам яго абавязацельстваў варта разглядаць 9 ліпеня 2021 г. Паколькі максімальны перыяд, неабходны для ажыццяўлення банкамі, Банкам развіцця, замежнымі банкамі плацяжу і пераводу грашовых сродкаў, не можа перавышаць 30 каляндарных дзён (за выключэннем выпадкаў замарожвання замежнымі банкамі грашовых сродкаў, блакіравання фінансавых аперацый з прычыны прымянення міжнародных санкцый), па такіх дагаворах рэзідэнтам варта забяспечыць залічэнне валютнай выручкі на свае рахункі ў банках Рэспублікі Беларусь не пазней за 8 жніўня 2021 г.

У адваротным выпадку ў гэтыя ж тэрміны рэзідэнтам неабходна прыняць іншыя меры, на перыяд ажыццяўлення якіх тэрміны рэпатрыяцыі будуць працягвацца (унесці змены ва ўстаноўленыя дагаворам тэрміны выканання абавязацельстваў нерэзідэнтаў або забяспечыць наяўнасць падстаў для падаўжэння тэрмінаў рэпатрыяцыі, указаных у пункце 6 артыкула 19 Закона № 226-З).

Паводле дагавораў, тэрміны выканання абавязацельстваў нерэзідэнта па якіх наступаюць, пачынаючы з 9 ліпеня 2021 г., у мэтах вызначэння тэрмінаў рэпатрыяцыі выкарыстоўваюцца тэрміны выканання абавязацельстваў нерэзідэнтаў згодна з гэтымі дагаворамі. Пры гэтым падыход да прадаўжэння тэрмінаў рэпатрыяцыі выкарыстоўваецца аналагічны прыведзенаму.

Аб парадку ўзгаднення кодаў ТН ЗЭД у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 534.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 534 «Аб садзейнічанні развіццю экспарту тавараў (работ, паслуг)».

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2021 г. № 262 «Аб падтрымцы экспарту і страхаванні».