RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ААТ «Ольса»: стаўка на інавацыі

За вялікі ўклад у развіццё эканомікі Ленінскага раёна ў 2020 годзе ААТ «Ольса» занесена на Дошку гонару Ленінскага раёна.

Як прадпрыемства ў няпростых эканамічных умовах здолела не толькі застацца на плаву, але і ўводзіць у эксплуатацыю новае абсталяванне, выпускаць і рэалізоўваць новыя віды прадукцыі, пашыраць рынкі збыту, нарошчваць экспартны патэнцыял, мы даведаліся, пазнаёміўшыся з магілёўскай вытворчасцю і вытворцамі.

Па прынцыпе айкідо

Тое, што да цяжкасцей прадпрыемству не прывыкаць, гаворыць факт 8-гадовай даўніны, калі ААТ «Ольса» было рэарганізавана шляхам далучэння да яго «Тэхнапрыбора». Такое зліццё з праблемным прадпрыемствам з абавязкамі нават эканамічных доўгажыхароў пацягнула б да дна, але не «Ольсу». Усё атрымалася як у айкідо, якое часцей за ўсё пераводзяць як «шлях зліцця з жыццёвай энергіяй». Так пачаўся новы этап.

– З далучэннем «Тэхнапрыбора» мы атрымалі вытворчыя магутнасці, магчымасць развівацца, рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты. Мы стварылі аб’яднаную сям’ю і занялі сваю нішу, – расказаў дырэктар ААТ «Ольса» Мікалай Цыкуноў.

Факты и цифры

Прадпрыемства паступова ішло да вызначанай мэты – нарошчванне аб’ёмаў і дыверсіфікацыя экспарту тавараў. Прадукцыя пад гандлёвай маркай OLSA знайшла свой попыт і пастаўляецца ва Украіну, краіны Балтыі, Чэшскую Рэспубліку, Казахстан, Кіргізію, Малдову, Балгарыю, Грузію, Арменію, Азербайджан, Манголію, Сербію, Германію, Кітай, Канаду, Ізраіль.

ААТ «Ольса» актыўна займаецца прасоўваннем прадукцыі ў буйныя сеткавыя рытэйлеры сусветнага рынку DIY (DIY – рынак рознічнага гандлю таварамі для дома, садоўніцтва, будаўніцтва і рамонту), такія, як французская гандлёвая сетка Groupe ADEO Leroy Merlin, нямецкая гандлёвая сетка «OBI» і інш. Больш за 10 гадоў прадпрыемства супрацоўнічае са шведскай сеткай «IKEA», заключаны новы кантракт на 2021 год з Балтыйскай групай кампаній «Jysk» у Латвіі, Літве, Эстоніі, Канадзе, Ісландыі – гэта рытэйлеры фармату ўладкавання і дызайну дома. Дарэчы, на гэты год прадпрыемства цалкам закантрактавана.

Граматная стратэгія і тактыка дазволілі прадпрыемству забяспечыць стабільную і эфектыўную працу, нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе праз эпідсітуацыю ў свеце межы з рынкамі асноўных партнёраў былі зачыненыя.

Эканоміка не абыходзіцца без лічбаў, бо яны адлюстроўваюць становішча спраў любога прадпрыемства. На «Ольсе» статыстыка выглядае так. Па выніках працы за 2020 год экспарт тавараў склаў 26 527,6 тыс. долараў, або 111,9% да адпаведнага перыяду 2019 года. Аб’ём вытворчасці ў фактычных цэнах – 74 396 тыс. рублёў, рэнтабельнасць продажаў – 11,7%. Асвоена і пастаўлена на вытворчасць 26 відаў новай прадукцыі.

Замест авацый інавацыі

Але галавакружэння ад поспехаў на прадпрыемстве не адбылося. Тут замест авацый зрабілі стаўку на інавацыі. Сёлета ААТ «Ольса» завяршае рэалізацыю інавацыйнага праекта «Укараненне сучасных тэхналогій (асваенне), высокатэхналагічнага абсталявання ў серыйнай вытворчасці мэблі на металічным каркасе». Праект прадугледжвае стварэнне паточнай вытворчасці, якая не мае аналагаў у Беларусі, якая дасць магчымасць працаваць у аўтаматычным рэжыме з мінімальнымі працоўнымі і энергазатратамі.

Рэалізацыя праекта дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці амаль на 20 млн рублёў, нарасціць экспартны патэнцыял, атрымаць дадатковы прыбытак.

Кіраўнік прадпрыемства Мікалай Цыкуноў расказаў і пра галоўны прынцып працы «Ольсы».

– Сёння трэба не проста ісці ў нагу з часам, гэта тое ж самае, што стаяць на месцы. Трэба бегчы, паскарацца.

 «Вестник Могилева»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая