RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласная ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца» збярэ 26 мая ў Магілёве найлепшых юных армейцаў рэгіёна

Абласная ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца» збярэ ў горадзе на Дняпры каля 240 школьнікаў з усяго рэгіёна. Пра гэта паведаміла старшыня Магілёўскага абласнога савета ГА «БРПА» Алена Малдаванава.

Гульня пройдзе 26 мая на тэрыторыі Абласнога цэнтра творчасці (пачатак у 11.00). Сюды прыбудуць 24 каманды-пераможцы раённых этапаў гульні. У складзе кожнай з іх – па 10 чалавек ва ўзросце 13–14 гадоў.

На працягу дня юныя армейцы (менавіта так называюць школьнікаў у момант гульні) праявяць сябе ў ваеннай паласе перашкод, аглядзе-конкурсе строю і песні, турніры «Старонкі гісторыі Айчыны», спаборніцтве «Да абароны Айчыны гатовы!».

Гульня сёлета прымеркавана да 30-годдзя з Дня ўтварэння ГА «БРПА», удакладніла Алена Малдаванава. «Зарніца» адносіцца да ліку афіцыйных камандных спаборніцтваў па выкананні інтэлектуальных заданняў, абаронна-спартыўных комплексаў і нарматываў членамі грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», – падкрэсліла яна. – Спаборніцтва праводзіцца ў адпаведнасці з канцэпцыяй патрыятычнага выхавання моладзі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама з мэтай прывіцця любові да Радзімы, фарміравання ў дзяцей і падлеткаў устойлівага жадання спрыяць росквіту краіны і імкненню абараняць пры неабходнасці».

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Магілёўскі абласны савет ГА «БРПА», галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Абласны цэнтр творчасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая