RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абноўлены ФАП адкрылі ў аграгарадку Вейна

У аграгарадку Вейна Магілёўскага раёна адкрылі пасля мадэрнізацыі фельчарска-акушэрскі пункт.

ФАП у Вейна адносіцца да Магілёўскай паліклінікі № 6, якая абслугоўвае больш як 16 тыс. чалавек, з іх 2,3 тыс. – з сельскай мясцовасці. Як расказаў галоўны ўрач установы аховы здароўя Віктар Алексяйкоў, у ФАПе адрамантавалі памяшканні, памянялі мэблю, устанавілі сучаснае медыцынскае абсталяванне. Акрамя гэтага, наладзілі інтэрнэт-сувязь з паліклінікай, устанавілі медыцынскія інфармацыйныя сістэмы «Лекар» і «Кардыян», пашырылі аптэку. «Усё гэта дасць магчымасць узняць на больш высокі ўзровень аказанне неабходнай і своечасовай медыцынскай дапамогі насельніцтву аграгарадка, зробіць знаходжанне пацыентаў на прыёме больш камфортным. Больш камфортнымі стануць і ўмовы працы для нашых супрацоўнікаў, – адзначыў ён. – Якасць жыцця людзей як у буйных гарадах, так і невялікіх населеных пунктах павінна быць раўназначнай. Такую задачу ставіць Прэзідэнт нашай краіны, і яна рэалізуецца ва ўсіх сегментах нашай дзейнасці. Наша паліклініка робіць свой унёсак у паляпшэнне якасці жыцця людзей».

У структурным падраздзяленні магілёўскай паліклінікі працуюць фізіятэрапеўтычны, назіральны, перавязачны і працэдурны кабінеты, кабінет прыёму. Пашырыўся і спектр медыцынскіх паслуг.

«Я прыйшла сюды працаваць у студзені, калі яшчэ не было рамонту. Канешне, розніца вялікая. Шмат зрабілі па рамонце, сур’ёзна абнавілася абсталяванне. Цяпер мы можам зрабіць тут кардыяграму і адразу ж пераслаць яе ў паліклініку, калі ўзнікае такая неабходнасць. Гэта дае магчымасць пракансультавацца з урачом практычна імгненна. Сур’ёзна абнавілася абсталяванне для фізіяпрацэдур, – расказала загадчыца ФАПа ў Вейна Ганна Яжова. – Цяпер нашым жыхарам не давядзецца ездзіць у паліклініку ў горад, таму што многія паслугі можна атрымаць на месцы: хутка, якасна – зусім не горш, чым у гарадскіх паліклініках. Вядома, павялічыцца нагрузка на супрацоўнікаў ФАПа, але мы да гэтага гатовы».

У мадэрнізацыі ФАПа ў Вейна Магілёўскай паліклініцы № 6 дапамог адзін з рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» – ЗТАА «Кронаспан ОСБ». Як адзначыў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў, рэзідэнты свабоднай эканамічнай зоны ўдзельнічаюць у важных сацыяльных праектах. «Філасофія прадпрыемства – стварэнне працоўных месцаў, якія адпавядаюць усім параметрам па ахове працы, забеспячэнне годнага ўзроўню матэрыяльных даброт для супрацоўнікаў. Усё гэта будзе ствараць пазітыўны настрой чалавека на працы, павялічваць яго аддачу падчас працы. Але чалавек не ўвесь свой час бавіць на працы. У жыцці людзі сутыкаюцца з рознымі пытаннямі сацыяльнай сферы, у тым ліку адукацыі, аховы здароўя, культуры. Важна і ў гэтых аспектах стварыць камфортнае асяроддзе для людзей, – адзначыў ён. – Тое, што нашы прадпрыемствы паказваюць сваю актыўную сацыяльную пазіцыю, вельмі важна. Гэта праца будзе праводзіцца і надалей».

Жыхары аграгарадка Вейна ўжо ацанілі абноўлены ФАП. Адна з жыхарак населенага пункта Валянціна Мачэкіна сказала, што гэта вялікі падарунак для людзей. «Я жыву ў Вейна з 1981 года. Тое, якім я ўбачыла наш ФАП сёння, здзівіла і парадавала. Зусім па-новаму выглядае будынак і кабінеты, сур’ёзна абнавілі і медыцынскае абсталяванне. Вядома, мы чакалі абнаўленні: зручней, калі ты ўсю неабходную дапамогу можаш атрымаць на месцы. Цяпер здаць аналізы, зрабіць кардыяграму і фізпрацэдуры можна на месцы – эканоміш час і не губляеш у якасці, – расказала жанчына. – Мы вельмі задаволены персаналам, які тут працуе. Супрацоўнікі заўсёды ўважлівыя, тактоўныя. Дапамогуць, параяць. Цяпер, вядома, працы ў іх будзе больш. Але я ўпэўнена: і медперсанал, і жыхары аграгарадка па заслугах ацэняць такі патрэбны і важны падарунак».

БЕЛТА, фота  mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая