RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ад таго, як спрацуюць аграрыі, будзе залежаць і харчовая бяспека, і прыток экспартнай выручкі

Сяўба як элемент вялікай палітыкі

На раніцу 14 красавіка раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) у Беларусі былі пасеяны на 353 тысячах гектараў, а гэта ўжо 55 працэнтаў плана. Камусьці такія лічбы ні пра што не скажуць. Але на фоне сусветных навін пра будучы голад і зніжэнне ўраджайнасці ў шэрагу рэгіёнаў, цэны на прадукты харчавання, паліва і ўгнаенні, якія рэкордна растуць, сітуацыя ў Беларусі мае важнае значэнне. На нас сёння глядзяць, нас сёння ацэньваюць. Сябры і партнёры ведаюць, што пастаўкі не сарвуцца і будуць забяспечаны, ворагі ж спадзяюцца на правал пасяўной, які мог бы справакаваць сур’ёзны крызіс. Не выйдзе. Пакуль кожны селянін у беларускім полі з раніцы да ночы будзе якасна рабіць сваю працу, выстаіць не толькі наша эканоміка. Накормім і сябе, і на экспарце яшчэ заробім. Галоўнае – жалезная дысцыпліна. Пра яе, дарэчы, казалі на днях і ў Быхаве, дзе ў фармаце відэаканферэнцыі прайшла селектарная нарада з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сяргеенкі.

Прагнозы з рознымі знакамі

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) перагледзела прагноз па аб’ёмах гандлю і спажывання збожжавых у сезоне 2021–2022 гадоў у бок паніжэння. Прасцей кажучы, менш будзем есць, менш гандляваць. А калі зусім ужо адкрыта, дзесьці будуць галадаць, а дзесьці будзе дэфіцыт.

Перагляд важных прагнозаў у асноўным абумоўлены наступствамі канфлікту ва Украіне для рынкаў збожжавых, перш за ўсё пшаніцы і кукурузы. Скарачэнне экспарту з Чарнаморскага рэгіёна ўжо прывяло да зніжэння тавараабароту ў рэгіёне, а таксама росту цэн на сусветных рынках, скарачэння аб’ёмаў імпарту, зніжэння тэмпаў росту попыту і аб’ёму запасаў у шэрагу краін, канстатуюць аналітыкі ФАО.

Тым часам міжнародная арганізацыя Oxfam апублікавала даклад «Ад крызісу да катастрофы». Даныя ў ім несуцяшальныя.

Паведамляецца, што ў гэтым годзе 263 млн чалавек сутыкнуцца з галечай, 860 млн будуць выжываць з даходам менш за 2 долары на дзень.

Сярод зон гуманітарнага бедства – Усходняя Афрыка, рэгіён Сахель, Емен і Сірыя. Паводле ацэнак Oxfam, адзін толькі рост сусветных цэн на прадукты харчавання прывядзе да крайняй галечы мільёнаў людзей. Ужо зараз многія спрабуюць справіцца з рэзкім ростам кошту жыцця і вымушаны выбіраць паміж ежай, ацяпленнем або аплатай медыцынскіх рахункаў.

Безумоўна, сваю ролю адыграла і пандэмія, але павышэнне цэн на прадукты харчавання і сыравіну (выкліканае масіраванай санкцыйнай атакай Захаду ў дачыненні да Расіі і Беларусі) сур’ёзна пагоршыла сітуацыю на сусветных рынках. Яркі прыклад – Бразілія. Праз санкцыі яна не можа закупляць беларускі калій. Для разумення: краіна на 70 працэнтаў залежыць ад імпарту ўгнаенняў для сельскай гаспадаркі. Што будзе цяпер? Зніжэнне ўраджайнасці асноўных культур, якім неабходны калій, – гэта соя, кукуруза, цукровы трыснёг, кава і бавоўна. Як вынік, дэфіцыт і рост цэн.

Дысцыпліна памнажае вынік

Беларусам жа пустыя паліцы не пагражаюць. У краіне робіцца ўсё для таго, каб забяспечыць прадбяспеку, мінімізаваць ціск знешняй інфляцыі і гарантаваць бесперабойныя пастаўкі на экспарт.

Сёння 76 працэнтаў харчавання, якое мы спажываем, айчыннай вытворчасці. Беларускі аграрны і перапрацоўчы сектар забяспечвае выпуск малака і малочных прадуктаў у 2,56 разы больш, чым унутраныя патрэбы краіны, у 1,35 раза – па мясе, у 1,25 раза – па яйках, у 1,76 раза – па цукры.

Што тычыцца актуальных задач, то цяпер галоўнае, як спрацуюць аграрыі на палях. Бо пасяўную кампанію неабходна правесці арганізавана, дакладна і ў тэрмін – такую задачу паставіў два тыдні таму кіраўнік дзяржавы ў ходзе нарады па падрыхтоўцы да веснавых палявых работ. Выкананне гэтага даручэння залежыць ад кіраўніцтва канкрэтных раёнаў і гаспадарак, падкрэсліў Ігар Сяргеенка на селектарнай нарадзе па пытаннях АПК і гатоўнасці Магілёўскай вобласці да палявых работ:

– Зразумела, што ў розных абласцях сітуацыя складваецца па-рознаму: хтосьці ідзе наперадзе, іншыя робяць першы выхад у поле. Тым не менш сёлета задача, пастаўленая Прэзідэнтам перад усімі працаўнікамі сяла, сур’ёзная: у краіне неабходна вырабіць 9 мільёнаў тон збожжа, 700 тысяч тон рапсу і 5 мільёнаў тон цукровых буракоў.

Магілёўская вобласць, як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, да вясенне-палявых работ гатова і ўжо іх пачатку. Праўда, праз надвор’е крыху пазней за астатнія рэгіёны. Некалькі зацягваецца пачатак актыўнай фазы ва ўсходніх і паўночных раёнах вобласці: Мсціслаўскім, Касцюковіцкім, Хоцімскім – толькі нядаўна там сышоў снег з палёў.

– Брэсцкая вобласць ужо практычна завяршае сяўбу ранніх яравых, а Магілёўская толькі прыступае, – абмаляваў сітуацыю Ігар Сяргеенка. – Тым не менш, па дакладах Мінсельгасхарча і мясцовых кіраўнікоў, гатоўнасць тэхнікі ў рэгіёне – 96 працэнтаў, гаспадаркі забяспечаны насенным фондам, угнаеннямі. Па ініцыятыве аблвыканкама створаны механізаваныя атрады магутнай тэхнікі, якія будуць выкарыстоўвацца ў тых раёнах, дзе маецца такая патрэба.

Самі аграрыі чакаюць выхаду ў поле – людзі засумавалі па актыўнай працы. На гэта звярнуў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, падкрэсліўшы, што самае галоўнае зараз – гэта жорсткая дысцыпліна:

– Якіх-небудзь сур’ёзных пытанняў на нарадзе не прагучала. Так, была крытыка на адрас асобных кіраўнікоў раёнаў за недастатковую арганізацыю працы.

І сёння відавочна, што тэмпы і якасць работ будуць залежаць ад арганізаванасці кіраўнікоў на месцах, ад таго, наколькі яны змогуць наладзіць у сябе працу, зацікавіць людзей, заахвоціць матэрыяльна, маральна. Неабходна мабілізаваць людзей. Дысцыпліна – велізарны рэзерв. Толькі за кошт граматнай арганізацыі працы мы можам дадаць 25‑30 працэнтаў да выніку.

Дарэчы, для падрыхтоўкі да вяснова-палявых работ з абласнога бюджэту было выдзелена 132 мільёны рублёў. Сродкі пайшлі на рамонт тэхнікі і набыццё запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, мінеральных угнаенняў і сродкаў абароны раслін. І хоць зацяжная і халодная вясна ў Магілёўскай вобласці адсунула тэрміны правядзення работ, кліматычная карціна не павінна стрымліваць тэмпы. Як паведаміў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч, у рэгіёне ёсць усё неабходнае, каб правесці пасяўную ў аптымальныя тэрміны: тэхніка, насенне, мінеральныя ўгнаенні, паліва. У прыватнасці, для аказання дапамогі сельгасарганізацыям прамысловыя і будаўнічыя прадпрыемствы, арганізацыі ЖКГ выдзелілі 110 адзінак тэхнікі, у тым ліку 60 трактароў, 16 пагрузчыкаў, 25 велікагрузных аўтамабіляў.

Па выніках селектарнай нарады Ігар Сяргеенка выказаў упэўненасць, што пры той маштабнай падрыхтоўчай працы, якую правёў Магілёўскі аблвыканкам, усё павінна прайсці ў пазначаныя кіраўніком дзяржавы тэрміны.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая