Агракібернетыкі з Горак укараняюць перадавыя тэхналогіі дакладнага земляробства па ўсёй краіне
Сельгасавіяцыя новага пакалення
Выпускнікі трох беларускіх ВНУ Раман Кірыленка, Андрэй Крушаў і Аляксей Зайцаў аб’ядналіся ў каманду, каб прасоўваць разумныя аградэвайсы на беларускай глебе. Стаўку зрабілі на сельскую гаспадарку і цікавасць дзяржавы да дакладнага земляробства, якія дынамічна развіваюцца ў краіне. Гэты сезон у хлопцаў прадуктыўны – дронамі абследавалі тры тысячы гектараў палёў. Пабывалі ва ўсіх рэгіёнах. Зараз ідзе разбор палётаў. Трэба ўнесці змены ў налады разумнай тэхнікі да старту палявых работ.

– Некаторыя з асцярогай глядзяць на ўсё новае, але за дакладным земляробствам будучыня, – гаворыць Аляксей Зайцаў, які скончыў аграфак БДСГА. – Калісьці і энерганасычаныя трактары былі дзівам, а сёння яны ў кожнай гаспадарцы. Новыя тэхналогіі дадуць магчымасць павысіць ураджайнасць і спрасціць працу вяскоўцаў, а заадно павысіць прэстыж аграрнай прафесіі.
СКАЗАНА
– Будучыня не толькі сельскай гаспадаркі, але і краіны ў цэлым за імі – маладымі, якія ўмеюць фарміраваць каманду, эфектыўна арганізаваць працоўны працэс, забяспечыць дысцыпліну, беражлівыя адносіны да рэсурсаў і, галоўнае, дыктатуру тэхналогій пры правядзенні сельскагаспадарчых работ.
Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу ў Палацы Незалежнасці, 18 лістапада 2022 года.
Крылатыя памочнікі
Кібернетыкі паказваюць супертэхналагічны коптар, які толькі што прыбыў з Кітая. Такі апарат у Беларусі пакуль адзіны, гаворыць дырэктар фірмы выпускнік БДУ Раман Кірыленка:
– Навінка манеўраная, прадукцыйная. З яе дапамогай можна аблятаць вялікія плошчы, эканомячы грошы на паліве, апрацоўваць цяжкадаступныя месцы, куды звычайны трактар з апырсквальнікам не зойдзе. За кошт дробнага распылення істотна памяншаецца расход хіміі для апрацоўкі сельгасугоддзяў, а гэта ўжо рэальная эканомія грошай.

Некалькі гадоў таму Раман Кірыленка пастаўляў з Кітая абсталяванне для іншай галіны. Гэтая краіна – заканадавец моды ў тэхналогіях для сельскай гаспадаркі, таму малады бізнесмен вырашыў засяродзіцца на аградронах. Абраць у якасці лакацыі для бізнесу Горкі, дзе размешчана галоўная аграрная ВНУ краіны, – рашэнне стратэгічнае.
– Праблема недахопу людзей для працы ў сельскай гаспадарцы не абмінула і Кітай з насельніцтвам амаль паўтара мільярда чалавек, – праводзіць аналогію Раман. – У Паднябеснай дзейнічае дзяржпраграма па субсідзіраванні набыцця разумных гаджэтаў для АПК. У Беларусі дакладнае земляробства толькі набірае абароты: асобныя гаспадаркі працуюць з тэхнікай, абсталяванай навігацыйнай сістэмай, аблічбоўваюць палі, з дапамогай беспілотнікаў прагназуюць ураджайнасць. З мінулага года існуе канцэпцыя лічбавай платформы «Дакладнае земляробства», распрацаваная на ўзроўні шэрагу зацікаўленых ведамстваў і профільных прадпрыемстваў. Цяпер ідзе праца па стварэнні ўмоў для эфектыўнай рэалізацыі праекта.

У сваю каманду Раман сабраў не проста прыяцеляў, а аднадумцаў. Выпускнік БНТУ Андрэй Крушаў адказвае за тэхнічную частку. Аляксей Зайцаў з адзнакай скончыў БДСГА, паспеў папрацаваць аграномам у адной з горацкіх гаспадарак. Сёння іх фірма – самая буйная ў краіне ў сваім сегменце, на ўзбраенні два дзясяткі дэвайсаў: дрон, навігацыйныя сістэмы, аўтапілоты. Хлопцы ўспамінаюць свае «вылазкі» ў палі:
– Трэба было бачыць гэту карціну. На машыне з прычэпам – куча абсталявання, ды яшчэ беспілотнік на даху. А калі такая махіна з шырокім размахам лопасцяў узлятае да трох метраў у вышыню! Былі выпадкі – вяскоўцы прымалі за НЛА, бо тэхналогіі сапраўды касмічныя. Гэта новае пакаленне сельгасавіяцыі, і за гэтым будучыня.

Цэнтр кіравання палётамі разгортваецца прама ў полі, а ўсё дзейства нагадвае «Формулу-1». Аляксей і Андрэй за пультамі. Як толькі батарэйка аднаго коптара садзіцца (а яе хапае на дзевяць хвілін палёту і апрацоўкі чатырох гектараў), апарат вяртаецца для хуткаснай замены акумулятара. Дарэчы, аградрон з бакам для вадкіх угнаенняў на 20 літраў – тая яшчэ махіна ў параўнанні са звыклым квадракоптарам для аэраздымкі.
Разбор палётаў
У ідэале аграном або фермер будучыні будзе аб’язджаць гаспадарку з дронам-разведчыкам, праводзіць здымку палёў, аналізаваць стан пасеваў і будаваць план палёту для агракоптараў. А дроны ў аўтаматычным рэжыме будуць аблятаць палі, уносіць вадкія ўгнаенні і сродкі абароны. Андрэй Крушаў сцвярджае, што адзін робат можа зэканоміць сотні і тысячы долараў толькі на хіміі для раслін:

– На адной з рабочых сустрэч Прэзідэнт разам з аграрыямі абмяркоўваў пытанне нераўнамернага паспявання рапсу. Каб апрацаваць участкі, дзе культура не паспела даспець, трэба адпраўляць туды тэхніку з апырсквальнікам. А яна пашкоджвае частку ўраджаю. Коптар жа ўзляцеў, праінспектаваў патрэбную зону, «зразумеў», колькі трэба сродку ў залежнасці ад вегетацыі расліны, і дазавана яго ўнёс. Гэта сур’ёзная эканомія раствору. Паколькі гаворым аб хіміі, гэта яшчэ і больш бяспечна для людзей.
Па назіраннях бізнесменаў-пачаткоўцаў, даволі смела ідуць на ўкараненне эксперыментальных тэхналогій фермеры. Гатовыя да ўжывання навацый і паспяховыя сельгаспрадпрыемствы, якія шукаюць новыя пункты росту. Адзін з такіх адрасоў – СВК «Калгас “Радзіма”». Малады аграном Дзмітрый Судзенка расказвае аб сумесным праекце:
– У верасні мы праводзілі эксперымент з дронамі на дэсікацыі – падсушванні канюшыны. Адзін участак апрацавалі з дапамогай самаходнага апырсквальніка, другі – дронаў. У апошнім выпадку зэканомілі да 30 працэнтаў хіміі. На адным гектары эканомія склала па самых дробных падліках да 5 долараў. Калі гаворка ідзе пра тысячы гектараў, гэта ўжо 5 тысяч долараў. Выгаду я бачу і ў тых выпадках, калі пасля дажджоў наземная тэхніка папросту не можа ўлезці ў палі.

Таксі для АПК
Перспектыўную кампанію з Горак запрасілі паўдзельнічаць у выставе «Белагра». У планах – супрацоўніцтва з БДСГА. Дарэчы, год таму ў аграрнай ВНУ адкрыўся вучэбна-выставачны цэнтр сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і агрэгатаў для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне дакладнага земляробства.
– У акадэміі рыхтуюць добрыя кадры. Мы хочам і практыкам, і студэнтам расказваць пра навацыі, – гаворыць выпускнік аграфака Аляксей Зайцаў. – Трэба ламаць стэрэатыпы.
У найбліжэйшых планах маладой каманды – адкрыць філіялы па ўсёй краіне. Яшчэ адна ідэя – стварыць інфармацыйны партал, дзе любы жадаючы зможа замовіць паслугі апрацоўкі сваіх палёў з дрона.
– Мы прыехалі, выканалі працу і з’ехалі. Гэта як таксі для АПК, – Раман Кірыленка разважае аб стратэгіі развіцця бізнесу. – Цяпер аб канкурэнцыі размовы наогул не ідзе. Цікавасць да тэхналогій такая, што мы не паспяваем даехаць да ўсіх жадаючых. Таму мы толькі за з’яўленне новых ігракоў на гэтым рынку.

Переводчик