RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Амаль 600 тыс. чалавек у Магілёўскай вобласці завяршылі курс вакцынацыі супраць COVID-19

У Магілёўскай вобласці на канец сакавіка першым кампанентам вакцыны супраць COVID-19 прышчэплена больш за 637 тыс. чалавек, амаль 600 тыс. чалавек завяршылі поўны курс. Больш за 68 тыс. чалавек прайшлі ўжо курс бустарнай вакцынацыі, – паведамілі ў галоўным упраўленні па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама.

Паводле слоў субяседнікаў, на тэрыторыі рэгіёна складваецца адносна добрае санітарна-эпідэміялагічнае становішча па інфекцыі каранавіруса. Гэта зручны час для атрымання бустарнай вакцынацыі і прышчэпкі тых, хто яшчэ не паспеў яе атрымаць.

Дарэчы, вакцынацыя асабліва важная раней не прышчэпленым, нават калі яны перахварэлі на амікрон. Маюцца навуковыя даныя, што антыцелы, якія выпрацаваліся пасля заражэння мікронам, даюць абарону менавіта ад гэтага варыянту віруса і ў меншай ступені ад папярэдніх штамаў. Прышчэпка памяншае верагоднасць цяжкай плыні і смяротнага зыходу, бо стварае абарону супраць раней распаўсюджаных варыянтаў віруса, што таксама вельмі важна, таму што не вядома, які з варыянтаў віруса будзе цыркуляваць у папуляцыі далей.

Неабходна адзначыць актуальнасць бустарнай вакцынацыі раней прышчэпленых. У першую чаргу гэта важна для груп рызыкі – для людзей з аслабленым імунітэтам, старэйшым за 60 гадоў, людзей, якія прымаюць імунасупрэсіўную тэрапію, якія знаходзяцца на гемадыялізе, медыцынскіх работнікаў, работнікаў стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання, работнікаў адукацыі.

На сённяшні дзень для бустарнай вакцынацыі супраць COVID-19 выкарыстоўваецца «Спутник лайт» (РФ).

З канца снежня мінулага года ў рэгіёне ад каранавіруса прышчэпліваюць дзяцей ва ўзросце 12–17 гадоў. Такіх ужо больш за 12 тыс.

Варта адзначыць, што дзеці дастаткова лёгка пераносяць вакцынацыю. Сур’ёзных непажаданых з’яў і пабочных рэакцый не зарэгістравана.

Прышчэпку можна атрымаць ва ўсіх рэгіянальных арганізацыях аховы здароўя. У наяўнасці інактываваная вакцына вытворчасці КНР для непрышчэпленых і дзяцей, а таксама «Спутник лайт» (РФ) для бустарнай вакцынацыі..

Рэд.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая