RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: у вобласці выбудавана работа па ўключэнні незанятага насельніцтва ў працоўную дзейнасць

Пасяджэнне Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па кадравай палітыцы правёў сёння старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Удзел у ім прынялі намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, а таксама члены выканкама, старшыні гарвыканкамаў і гаррайсаветаў, прадстаўнікі кантрольна-наглядных органаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў вобласці.

Пачалося мерапрыемства з урачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод і аб'яўлення Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны.

Леанід Заяц павіншаваў аграрыяў і падзякаваў за іх уклад у развіццё галіны: «Ваша праца накіравана на развіццё ўсяго аграпрамысловага комплексу. Жадаю Магілёўскай вобласці больш за такіх герояў. Добрага надвор'я, і каб восень надарыла багатым ураджаем».

На парадак дня пасяджэння былі вынесены пытанні аб ходзе рэалізацыі на тэрыторыі рэгіёну патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» за 2022 год, аб праводзімай кадравай палітыцы ў спартыўных арганізацыях вобласці, прымаемых мерах па кадравым забеспячэнні арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўшчыны.

«Сёння ў вобласці выбудавана работа па ўключэнні незанятага насельніцтва ў працоўную дзейнасць, - адзначыў Анатоль Ісачанка ў рамках абмеркавання рэалізацыі Дэкрэта №3. - Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі прымаюцца меры, накіраваныя на стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці незанятых грамадзян, павышэнне іх канкурэнтаздольнасці на рынку працы, падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы.

Па выніках 2022 года вобласць выканала ўсе прагнозныя паказчыкі ў сферы садзейнічання занятасці. І сёння сітуацыя ў вобласці застаецца стабільнай і кіруемай. Аднак ёсць і праблемы ў гэтай сферы.

Таму наша прыярытэтная задача не толькі ў рамках рэалізацыі Дэкрэта №3, але і ў рамках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці ў цэлым - гэта ўцягненне незанятага насельніцтва ў легальную працоўную дзейнасць.

Сёння працоўны рэзерв складае каля 70 тыс. чалавек. Гэта той патэнцыял, які мы можам выкарыстоўваць для развіцця нашага рэгіёна. У аснове работы з незанятымі павінен быць дакладна выбудаваны механізм асноўнага каардынуючага органа - пастаянна дзеючых у рэгіёнах камісій. Трэба дадаткова прааналізаваць алгарытм іх працы. Адмысловай увагі патрабуе максімальнае ўцягванне ў працоўную дзейнасць маладых грамадзян, не занятых у эканоміцы, а таксама правядзенне маштабнай інфармацыйна-тлумачальнай працы».

У сваю чаргу Ірына Касцевіч падкрэсліла, што пытанні працаўладкавання, рынку працы - актуальныя для ўсіх рэгіёнаў.

«Сёння было важна ўбачыць і пачуць, як Магілёўская вобласць вырашае гэтыя задачы, - працягнула яна. - Сітуацыя ў рэгіёне дастаткова стабільная. Разам з тым, з парадку дня не здымаецца пытанне занятых у эканоміцы вобласці - іх колькасць скарачаецца. Скарачаецца па розных прычынах: уплывае як дэмаграфічны фактар, так і працэсы аптымізацыі кадравага складу асобных прадпрыемстваў. Таму задача службаў занятасці найперш аказаць чалавеку максімальную падтрымку пры працаўладкаванні. А механізм мяркуе вялікі пакет мер: і перанавучанне, і павышэнне кваліфікацыі, і субсідаванне працоўных месцаў для наймальніка і іншыя. Усе гэтыя меры працуюць і накіраваныя на аказанне дапамогі чалавеку ў пошуку працы».

Міністр расказала і пра сучасныя інструменты, адзначыўшы, што сёння можна без наведвання службы занятасці знайсці сабе працу ў любым кутку Беларусі.

«У краіне створаны ўнікальны агульнарэспубліканскі банк вакансій, які кансалідуе інфармацыю аб усіх прапановах на рынку працы ў маштабах краіны. Незалежна ад таго, дзе чалавек пражывае, ён можа абраць сабе месца, пра якое марыў, якое яму падыходзіць і дзе ён бачыць сваю рэалізацыю. І гэта сёння запатрабавана грамадзянамі.

Так, толькі з Магілёўскай вобласці за гэты перыяд 13 тыс. чалавек знайшлі сабе працоўнае месца праз гэту платформу. Гэта зручна, аператыўна, камфортна».

Разглядалася на пасяджэнні і пытанне работы камісій па садзейнічанні занятасці ў рамках Дэкрэта №3.

«Дзейнасць такіх камісій больш скіраваная на незацікаўленых у пошуку працы, - пракаментавала Ірына Касцевіч. - І наша задача, як улады, праматываваць чалавека працаваць. Гэта перш за ўсё неабходна, каб забяспечваць сябе, сваю сям'ю адпаведным узроўнем даходу. Акрамя таго, кожны з нас, як грамадзянін краіны, сёння мае магчымасць атрымаць дзяржаўныя паслугі ў сферы аховы здароўя, адукацыі, транспарта і камунальнай сферы. Усе гэтыя напрамкі льгатуюцца дзяржавай або прадастаўляюцца бясплатна. Таму абавязак кожнага, паводле Канстытуцыі, узяць удзел у суфінансаванні дзяржаўных выдаткаў. А каб прымаць удзел, кожны працаздольны чалавек мусіць працаваць».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая