RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Асоба кіраўніка шмат у чым вызначае выніковасць працы калектыву – Леанід Мартынюк

Выніковасць працы любога калектыву шмат у чым залежыць ад кіруючага складу арганізацыі і непасрэдна асобы самога кіраўніка. Такое меркаванне выказаў памочнік Прэзідэнта–інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк падчас сустрэчы з калектывам філіяла «Белдзяржстраха» па Магілёўскай вобласці.

«Людзей сёння цікавяць фінансавая стабільнасць, сацыяльна-эканамічны дабрабыт і спакой, – адзначыў Леанід Мартынюк. – Гэта менавіта тыя асновы, якія на падсвядомым узроўні закладзеныя ў кожным чалавеку і фарміруюць у яго пачуццё абароненасці. У калектыве, у якім кіраўнік надае належную ўвагу гэтым пытанням, абстаноўка будзе больш паспяховай, а ўзровень развіцця прадпрыемства значна вышэйшы. Аднак, каб дамагчыся высокіх вынікаў, павінна быць выбудаваная выразная кіруючая вертыкаль і вызначаны канкрэтныя задачы, якія ставяцца перад працоўным калектывам».

Памочнік Прэзідэнта таксама звярнуў увагу, што сёння, акрамя памеру зарплаты, чалавеку неабходна забяспечыць годны ўзровень і якасць жыцця за межамі прадпрыемства. «Адна справа – зарабіць грошы, другая– правільна іх патраціць, – удакладніў ён. – Менавіта сацыяльная сфера вызначае ўнутраны камфорт і светаадчуванне чалавека. Калі вакол усё добра –газон падстрыжаны, плот пафарбаваны, усюды добраўпарадкаванне – ён і працуе з нармальным настроем».

Падчас наведвання філіяла Леанід Мартынюк азнаёміўся з працай прадстаўніцтва «Белдзяржстраха» ў Магілёўскай вобласці, асноўнымі напрамкамі развіцця на рынку страхавых паслуг і актуальнымі тэндэнцыямі ў гэтай сферы, пагутарыў з калектывам і пабываў у музеі арганізацыі.

«Наведванне арганізацый –гэта заўсёды сустрэча з людзьмі, выяўленне праблемных момантаў у працоўных калектывах, – засяродзіў увагу суразмоўца. – У гэтым філіяле працуе каля 760 чалавек –вялікая група людзей, якая дазваляе сёння зрабіць зрэз сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства і выявіць у ходзе гутаркі вострыя вуглы, якія пасля неабходна будзе згладзіць. Таму прамы кантакт нават у такіх нялёгкіх умовах пандэміі неабходны і будзе працягнуты».

Па словах Леаніда Мартынюка, падчас сустрэч у працоўных калектывах людзі часта звяртаюцца з праблемнымі пытаннямі асабістага характару, рашэнне якіх патрабуе задзейнічання шырокага кола спецыялістаў. Акрамя таго, жыхары вобласці выступаюць з канкрэтнымі прапановамі і пажаданнямі выканаўчай улады, ініцыятывамі па ўдасканаленні заканадаўчай базы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая