RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аўсянкаўская СШ Горацкага раёна адкрыецца пасля капітальнага рамонту

Аўсянкаўская сярэдняя школа Горацкага раёна адкрыецца 1 верасня пасля капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі. Пра гэта расказаў начальнік аддзела адукацыі Горацкага райвыканкама Уладзімір Лебедзеў.

«Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця на капітальны рамонт і мадэрнізацыю навучальнай установы выдзелена больш за Br2 млн, – адзначыў Уладзімір Лебедзеў. – У гэту суму ўвайшлі поўная замена даху, устаноўка больш за 100 вокнаў, абнаўленне ўваходнай групы, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і многае іншае. Работы будуць завершаны да 20 жніўня, а ўжо 1 верасня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё абноўленага будынка з удзелам дзяцей і іх бацькоў, а таксама кіраўніцтва раёна».

Да капітальнага рамонту Аўсянкаўскай школы прыступілі ў сакавіку гэтага года. Пасля вясновых канікул старшакласнікі працягнулі навучанне ў суседняй навучальнай установе–Маслакоўскай сярэдняй школе, а пачатковая школа перанесла заняткі на базу Аўсянскаўскіх ясляў-сада. Дарэчы, першым этапам работ стаў капрамонт школьнага басейна, які завяршыўся ў лістападзе мінулага года.

«У будынку 1984 года пабудовы рамонтам ахоплена больш за 5 тыс. кв. м, – расказала дырэктар установы адукацыі Валянціна Крэміс. – Акрамя даху, мы цалкам замянілі электраправодку, вентыляцыю, каналізацыю, паўсюдна ўстанавілі новыя дзверы і свяцільні, абнавілі сантэхніку, зрабілі падвесныя столі. Асобная ўвага нададзена спартыўнай зале, у якой выкладзена новае гамагеннае пакрыццё, адрамантаваны распранальні і ўстаноўлены сучасныя душавыя».

У Аўсянкаўскай сярэдняй школе таксама цалкам будуць уладкаваны кабінеты хіміі і фізікі. Новае абсталяванне ў кабінеце фізікі з’явіцца дзякуючы сродкам міжнароднага банка, а вось кабінет хіміі будзе абноўлены за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Рамонт зроблены і ў кабінеце, дзе размясціўся аграклас. Тут праходзяць профільныя заняткі для старшакласнікаў раёна з запрашэннем выкладчыкаў БДСГА па спецыяльнасцях «трактарыст-машыніст», «вадзіцель колавых і самаходных машын катэгорыі А».

Аўсянкаўская школа разлічана на 360 месцаў. Сёння тут навучаецца 98 чалавек з шасці найбліжэйшых населеных пунктаў. 1 верасня за парты ўстановы адукацыі сядзе яшчэ 8 першакласнікаў. Па словах начальніка аддзела па адукацыі, на сёння ў раёне дзейнічае 12 школ, у тым ліку 7 вучэбна-педагагічных комплексаў. У іх праходзіць навучанне больш за 4,3 тыс.дзяцей. Да канца 2022 года за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў раёне будзе адрамантавана яшчэ адна навучальная ўстанова– СШ № 3 г. Горкі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая