RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 50 прадпрыемстваў Магілёўскага раёна аб’яднала дабрачынная акцыя «Скрыначка адвагі»

Больш за 50 прадпрыемстваў Магілёўскага раёна аб’яднала дабрачынная акцыя «Скрыначка адвагі», накіраваная на дапамогу пацыентам анкалагічнага (гематалагічнага) аддзялення Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Пра гэта расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Святлана Макарэвіч.

У аддзяленні лечаць дзяцей з анкалогіяй, дабраякаснымі і злаякаснымі захворваннямі сістэмы крыві. У сілу такіх дыягназаў ім даводзіцца штодня праходзіць праз шэраг балючых працэдур: яны здаюць аналізы – кроў з вены і пальца, робяць люмбальныя і костнамазгавыя пункцыі, ставяць катэтары і ўводзяць лекі. Каб гэтыя маніпуляцыі не выклікалі слёз і страху, у працэдурным кабінеце больш за год таму ўстанавілі «Скрыначку адвагі». І цяпер маленькі пацыент, які стойка перанёс неабходныя працэдуры, атрымлівае за гэта ўзнагароджанне.

Скрыначку адвагі рэгулярна напаўняюць неабыякавыя людзі. Гэтым разам добрую акцыю ініцыяваў Маладзёжны парламент пры Магілёўскім раённым Савеце дэпутатаў. На працягу месяца працоўныя калектывы і ўстановы раёна, а таксама дэпутаты і простыя жыхары збіралі падарункі для малых, якія сёння знаходзяцца на лячэнні ў бальніцы. Купляліся цацкі і творчыя наборы, кнігі, канцылярыя, вадкасць для бязбольнага зняцця пластыру і многае іншае. Напярэдадні Новага года 29 снежня ва ўстанову аховы здароўя перададзена 14 вялікіх каробак.

«Хворым дзецям патрабуецца шмат сіл, каб вытрымаць балючыя працэдуры, уколы, пункцыю, хіміятэрапію, – сказала Святлана Макарэвіч. – Маленькаму чалавеку няпроста пераадолець страх і захаваць добры настрой, які так неабходны для выздараўлення. Падтрымаць баявы дух дапамагаюць нават дробязі – напрыклад, невялікія падарункі са скрыначкі адвагі. Магу з упэўненасцю сказаць, гэта акцыя згуртавала вялікую колькасць зусім незнаёмых людзей, а таксама даказала, што ў адзінстве і на карысць можна зрабіць многае».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая