RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 60 гасцей і 6 гадзін прамога эфіру: у Магілёўскай вобласці стартаваў тэлемарафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы»

У Магілёўскай вобласці стартаваў дабрачынны тэлемарафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». На працягу шасці гадзін у прамым эфіры гасцямі студыі тэлеканала «Беларусь 4 Магілёў» стане больш за 60 чалавек.

Сярод іх прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі, бізнесу і неабыякавыя жыхары рэгіёна. У прамым эфіры яны будуць дарыць падарункі і выконваць мары дзяцей з усёй вобласці. У цэнтры ўвагі тыя дзеці, якія крыху больш за іншых маюць патрэбу ў дапамозе і ўвазе: сіроты, якія знаходзяцца пад апекай, дзеці-інваліды, дзеці з цяжкімі захворваннямі, а таксама дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў.

«Наш тэлемарафон – традыцыйная акцыя тэлеканала і Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонда. Гэта адно з мерапрыемстваў вялікага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які праводзіцца з 1 снежня 2022 па 31 студзеня 2023 года ў Магілёўскай вобласці. Ужо шмат гадоў запар напярэдадні навагодніх святаў нашы акцыі аб’ядноўваюць вялікую колькасць людзей. У гэтым годзе мы пастараліся загадзя апавясціць усіх, актыўна падключыць да марафону раёны. У нас ёсць дамоўленасць: 70% ад сумы, якую сабраў раён падчас марафону, мы адпраўляем на патрэбы дзяцей менавіта да іх. Гэта матывуе ўсіх удзельнічаць у нашых акцыях яшчэ больш, – расказала дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк. – Гасцямі студыі ў гэтым годзе стане вялікая колькасць людзей. І прыемна адзначыць, што многія з іх – нашы даўнія сябры, якія ніколі не застаюцца ў баку ад добрых і важных спраў».

Як расказала адзін з арганізатараў тэлемарафону Кацярына Гарадніцкая, гасцямі студыі будуць прадстаўнікі спецыялізаваных устаноў, а самыя галоўныя героі – дзеці. І іх сёння ў студыі будзе шмат. Самыя добрыя і кранальныя моманты – гэта выкананне запаветных жаданняў дзяцей. «Мы пастараліся пабудаваць эфір так, каб у студыі сустрэліся старыя сябры: многія прадпрыемствы, арганізацыі, грамадскія аб’яднанні і ведамствы супрацоўнічаюць з рознымі ўстановамі адукацыі, школамі-інтэрнатамі і карэкцыйнымі цэнтрамі на працягу многіх гадоў. І мы хацелі зрабіць так, каб сённяшні марафон быў прасякнуты не толькі чараўніцтвам, але і сяброўствам», – сказала яна.

Першае жаданне ў прамым эфіры споўнілася ў Крысціны Баранавай з Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі формамі парушэння маўлення. Дзяўчынка падзялілася, што вельмі любіць зіму і Новы год і, нягледзячы на тое, што яна ўжо падлетак, яна верыць у Дзеда Мароза і цуды. Запаветным жаданнем школьніцы стаў яркі і прыгожы заплечнік. Ажыццявілі жаданне дзіцяці даўнія сябры школы-інтэрната – прадстаўнікі Магілёўскага інстытута МУС. Дзяўчынцы перадалі яркі чырвоны заплечнік. «Я вельмі рада, што маё жаданне споўнілася! Ён такі, як я і хацела, яркі і модны, – сказала яна. – Я хачу пажадаць усім дзецям здароўя! А яшчэ, каб на Новы год споўніліся ўсе іх запаветныя мары».

Дарыць падарункі і выконваць у прамым эфіры дзіцячыя мары прыйшлі і прадстаўнікі прафсаюзаў. Яны – пастаянныя ўдзельнікі дабрачынных акцый і, у прыватнасці, тэлемарафона. «Жаданне рабіць добрыя справы – гэта патрэба душы. Тым больш калі гэтыя добрыя справы тычацца дзяцей, дапамагаюць ім падтрымліваць і аднаўляць здароўе. Як тут можна застацца абыякавым? – задаецца рытарычным пытаннем старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Старасціна. – Прафсаюзы заўсёды дапамагаюць дзецям, мы ніколі не застаемся ў баку ад такіх акцый, як «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». Акрамя гэтага, актыўна аказваем дабрачынную дапамогу розным установам на працягу года: арганізоўваем экскурсіі для дзяцей, аказваем фінансавую дапамогу для закупкі рознага абсталявання».

Разам з Людмілай Старасцінай на тэлемарафон прыйшла і старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Жанна Шылягава. «Вельмі радуе, што ўсё больш людзей адгукаецца на заклік дапамагчы дзецям. Таму што ўсе мы – родам з дзяцінства, – сказала яна. – Напярэдадні Новага года ўсе дзеці асабліва моцна вераць у цуды. І хто як не мы, дарослыя, павінны ствараць гэтыя чараўніцтва і казку для дзяцей».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая