RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за тону гуманітарнага грузу адправілі ў лагер бежанцаў з Магілёва

Жыхары Магілёва не маглі застацца абыякавымі да таго, што адбываецца на беларуска-польскай мяжы і сабралі для бежанцаў гуманітарную дапамогу. У скрынках і мяшках – цёплыя рэчы, прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці і нават дзіцячыя цацкі. Усяго ў суботу ў Гродзенскую вобласць адправілі больш за тону каштоўнага грузу.

– У памежнай зоне сабралася каля паўтары-дзвюх тысяч бежанцаў, якія сапраўды знаходзяцца ў складанай сітуацыі, – гаворыць старшыня абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Андрэй Мартыноўскі. – Ратуючыся ад вайны, яны ішлі ў Еўрасаюз і апынуліся ва ўмовах, якія пагражаюць іх жыццю і здароўю. Гэтыя людзі лёгка апрануты, спяць на зямлі, у іх недастаткова прадуктаў харчавання. У лагеры знаходзяцца мужчыны, жанчыны, у тым ліку цяжарныя, маленькія дзеці. Сітуацыя сапраўды напружаная, і мы адрэагавалі на падзеі, якія адбываюцца, арганізаваўшы збор рэчаў ад насельніцтва. Таксама выкарыстоўвалі рэсурсы партнёраў – прадпрыемстваў і арганізацый Магілёўскай вобласці.

Да добрай справы далучыліся ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”», ААТ «Бабушкина крынка», ААТ «Магілёўліфтмаш», хрысціянская дабрачынная грамадская арганізацыя «Табея», магілёўская дыяцэзія і іншыя. Агульнымі намаганнямі машына хутка напоўнілася цёплай вопраткай і абуткам, коўдрамі, хлебам, макаронай, дзіцячым малаком і харчаваннем, прысмакамі, кансервамі, цацкамі.

– У чарговы раз пераканаўся, што беларусы міласэрныя і чулыя, не могуць заставацца абыякавымі да чужога гора, – дзеліцца Андрэй Уладзіміравіч. – Нам паступае шмат званкоў, прыходзяць звычайныя жыхары Магілёва, і кожны імкнецца дапамагчы. Мяркуючы па ўсім, адной партыяй справа не абмяжуецца, таму праца будзе працягнута далей.

ПАМЯТКА

Для фарміравання гуманітарнага грузу найбольш запатрабаваны ежа, вада, цёплыя рэчы і сродкі гігіены. У прыватнасці, хлебабулачныя вырабы, дзіцячае харчаванне ў гатовым выглядзе, кансервы (акрамя свініны), бутыляваныя напоі. Жадаючыя дапамагчы могуць звяртацца ў першасныя арганізацыі БТЧК у кожным раёне вобласці. У Магілёве яны знаходзяцца па адрасах: Першамайская, 52, і Якубоўскага, 33.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая