RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бяспечны маршрут, адкрытая вада і інжынерная формула – у Магілёўскім раёне рыхтуюцца да АрМГ

У 188-й гвардзейскай інжынернай брыгадзе ў Магілёўскім раёне працягваецца падрыхтоўка каманд да Армейскіх гульняў. Зараз тут рыхтуюцца 3 каманды – больш за 60 чалавек.

«Падрыхтоўка да Армейскіх гульняў пачалася яшчэ ў маі. На базе нашай вайсковай часці каманды рыхтуюцца па трох дысцыплінах: інжынерная формула, бяспечны маршрут і адкрытая вада. Да нас з’ехаліся вайскоўцы з Магілёва, Гродна, Барысава, Заслонава і Мінска. У асноўным гэта вайскоўцы тэрміновай службы», – расказаў в. а. намесніка камандзіра вайсковай часці 72471 па ідэалагічнай рабоце Кірыл Воранаў.

Паводле яго слоў, 188-я гвардзейская інжынерная брыгада для падрыхтоўкі каманд абрана не выпадкова. «У нас ёсць уся сучасная і неабходная інжынерная тэхніка. Для падрыхтоўкі ёсць машынадром, а ўдалае геаграфічнае размяшчэнне непадалёк ад ракі Днепр дазваляе ў поўнай меры праводзіць трэніроўкі і вучэнні, у тым ліку па разгортванні пантонных перапраў, – адзначыў ён. – Сёлета ў вайсковыя гульні вярнулася дысцыпліна «Адкрытая вада». І ў нас ёсць усё неабходнае для якаснай падрыхтоўкі нашых вайскоўцаў».

Зараз адпрацоўваюць навыкі ў дысцыпліне «Адкрытая вада». Як адзначыў камандзір пантоннай роты 557-й інжынернай брыгады Аляксандр Ставіца, дысцыпліна ўключае ў сябе 6 этапаў. На Дняпры салдаты адпрацоўваюць 3 з іх. «Гэта дэсантная пераправа на ПТС-2, зборка 60-тоннага парома і зборка ўзводнага парома, разлічанага на 170 т. Сёння салдаты збіраюць 60-тонны паром», – падкрэсліў Аляксандр Ставіца.

Летась каманда Беларусі паказала годны вынік на АрМГ. Удзельнікі разлічваюць, што і гэты год будзе багаты на перамогі. «Нашы вайскоўцы заўсёды паказваюць высокія вынікі. Дзякуючы якаснай падрыхтоўцы, наяўнасці ўсёй неабходнай тэхнікі і, вядома ж, моцнай матывацыі нашых салдат, я ўпэўнены, Беларусь годна выступіць на армейскіх гульнях і прыедзе з перамогай», – адзначыў Кірыл Воранаў.

Падрыхтоўка да АрМГ-2021 будзе праходзіць у Магілёўскім раёне да жніўня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая