RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чатыры прозвішчы загінулых у даваенны час супрацоўнікаў міліцыі занесены на памятны знак УУС

У Дзень стварэння магілёўскай міліцыі на памятны знак УУС унесены чатыры прозвішчы супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку ў даваенны час. Гэта міліцыянеры Войтаў, Каранеўскі, Лісоўскі А. К. і Прахарэнка.

Як расказаў старшыня Магілёўскага абласнога Савета ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Яўген Кавалёнак, карпатлівая праца ветэранаў органаў унутраных спраў і супрацоўнікаў Магілёўскага інстытута МУС дазволіла ўстанавіць імёны яшчэ чатырох міліцыянераў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку ў даваенны перыяд і дадаць іх на гранітныя пліты памятнага знака УУС.

– Гэтая праца вядзецца на сур’ёзнай аснове, – адзначыў Яўген Яўгенавіч. – Акрамя вывучэння архіваў мы працуем і з інфармацыяй, якая паступае ад грамадзян. Напрыклад, у мінулым годзе ва УУС звярнуўся ветэран ваенна-марскога флоту гвардыі капітан II рангу ў адстаўцы Уладзімір Лісоўскі, які расказаў, што яго бацька загінуў у 1930-х гадах, аднак дакументальнага пацвярджэння не было. Некалькі месяцаў нам спатрэбілася, каб знайсці неабходныя звесткі, і сёння яго імя нанесена на памятны знак. Сімвалічна, што праведзеная праца была рэалізавана менавіта да Дня стварэння Магілёўскай міліцыі.

Абноўлены Памятны знак УУС супрацоўнікам органаў унутраных спраў, загінулым пры выкананні службовага і воінскага доўгу, быў адкрыты да 97-годдзя з дня ўтварэння магілёўскай міліцыі ў 2015 годзе. Гранітныя пліты ўпрыгожыла дэкаратыўна-мастацкая кампазіцыя «Сцяг памяці», на якой высечаны прозвішчы і імёны міліцыянераў Магілёўскай вобласці, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку з 1917 года. Цяпер на плітах нанесена ўжо 128 прозвішчаў.

mogilev.mvd.gov.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая