RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва падпісалі кіраўнікі Магілёва і Хабараўска

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў падпісаў дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва паміж Магілёвам і Хабараўскам у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльна-культурных сферах на 2023–2025 гады.

Нагадаем, падчас пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Хабараўскага краю Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у кастрычніку гэтага года былі агучаныя прапановы аб умацаванні працоўных адносін паміж Магілёвам і Хабараўскам. Сёння, праз некалькі месяцаў, мэр Магілёва Аляксандр Студнеў і мэр Хабараўска Сяргей Краўчук у фармаце відэаканферэнцыі вызначылі мерапрыемствы, якія будуць рэалізоўвацца ў межах зацверджанай дарожнай карты.

Дакумент прадугледжвае міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне ў сферах гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і дзелавога супрацоўніцтва, будаўніцтва і ЖКГ, адукацыі, культуры, аховы здароўя, спорту і турызму.

– Нас раз’ядноўваюць тысячы кіламетраў, але гэта не перашкода для якаснага ўзаемадзеяння, – падкрэсліў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. – Паміж нашымі гарадамі ужо існуюць кропкі злучэння. Упэўнены, мы зможам падтрымліваць адзін аднаго ў прамысловай, культурнай, спартыўнай і іншых сферах.

Акцэнты будуць зроблены на садзейнічанне развіццю гандлёва-эканамічных сувязяў паміж суб’ектамі гаспадарання гарадоў шляхам арганізацыі дзелавых візітаў, бізнес-місій, на ўдзел у сумесных канферэнцыях і семінарах, развіццё супрацоўніцтва ў сферы тэрытарыяльнага планавання і горадабудаўніцтва, абмен дэлегацыямі школьнікаў, у тым ліку па маршрутах, звязаных з наведваннем знакавых месцаў двух гарадоў.

Як адзначыла начальнік упраўлення эканомікі Магілёўскага гарвыканкама Ала Багаценка, на май 2023 года плануецца падпісанне дагавора аб пабрацімстве паміж Магілёвам і Хабараўскам. Знакавая цырымонія будзе прымеркаваная да 165-годдзя Хабараўска і 756-годдзя нашага горада.

– Адным з прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва лічу абмен вопытам па пытаннях турызму, – падзяліўся мэр Хабараўска Сяргей Краўчук. – Наш горад размешчаны ў самым цэнтры Далёкаўсходняй акругі і валодае ўнікальнымі рэсурсамі. Спадзяюся, наша праца будзе спрыяць ўзаемнаму прывабліванню турыстаў.

Гісторыя супрацоўніцтва двух гарадоў бярэ пачатак у 2008 годзе. З таго часу дэлегацыя Хабараўска неаднаразова наведвала Магілёў, вывучала прамысловы патэнцыял горада. Магілёўцы таксама прымалі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, арганізаваных у найбуйнейшым горадзе Далёкага Усходу.

За студзень-верасень 2022 года аб’ём знешняга гандлю Магілёва з Хабараўскім краем склаў 23,0 тыс. долараў ЗША, або 70,8% да аналагічнага перыяду 2021 года.

vestnikmogileva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая