RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дасягненні Уладзіміра Ільіча Леніна ўспаміналі магіляўчане ў дзень яго нараджэння

Сёння адзначаецца 152-я гадавіна з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна. Памятную дату адзначылі па традыцыі на плошчы, якая носіць імя правадыра сусветнага пралетарыяту. Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, прафсаюзных арганізацый, выканаўчай ўлады ўшанавалі памяць вялікага палітычнага дзеяча і ўсклалі кветкі да помніка заснавальніка савецкай дзяржавы.

Падчас мітынгу першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта КПБ Алег Стэльмашок адзначыў важнасць прынцыпаў, якія прапагандаваў Уладзімір Ленін: роўнасць, справядлівасць, сацыяльная абароненасць і братэрства. Сёння гэтыя прынцыпы актуальныя як ніколі.

У ліку ўдзельнікаў мітынгу былі прадстаўнікі Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў. Яны з асаблівым хваляваннем успаміналі дасягненні Уладзіміра Ільіча.

«Мы кожны год збіраемся на плошчы Леніна, ускладаем кветкі і ўспамінаем заслугі гэтага вялікага дзеяча: што ён зрабіў для простых людзей, – падзяліўся Мікалай Дзмітрыевіч Валюжэніч. – Уладзімір Ільіч стварыў першую ў свеце дзяржаву, якая назвала сябе сацыялістычнай. Пад яго кіраўніцтвам была ліквідавана непісьменнасць ў грамадстве, дасягнута ўсеагульная роўнасць, сталі бясплатнымі і даступнымі для ўсіх адукацыя, ахова здароўя, жыллё, магчымасць адпачынку і многае іншае.

Менавіта дзякуючы Уладзіміру Леніну ў краіне дзейнічаў прынцып сацыялізму «Ад кожнага па здольнасцях – кожнаму па працы!». Уладзімір Ільіч зраўняў аплату працы паміж мужчынам і жанчынай. Часта жанчыны працавалі нароўні, а то і больш за мужчын. Рабочым быў устаноўлены пэўны графік, а дакладней 8-гадзінны працоўны дзень і пяцідзённы працоўны тыдзень. Акрамя таго, па старасці людзям сталі плаціць пенсіі.

Пад яго ініцыятывай была створана вялікая дзяржава і сусветны камуністычны рух, што стала найважнейшай палітычнай сілай на планеце ў ХХ стагоддзі.

Сёння вельмі важна, каб ва ўсіх навучальных установах гаварылі пра асобу Леніна і яго заслугі. Таму што гэта быў правадыр працоўных. Усе якасці асобы гэтага чалавека служылі адной вялікай мэце – барацьбе за свабоду і шчасце простых рабочых. Ленін – гэта і Вялікі Кастрычнік, і індустрыялізацыя, гэта перамога 1945 года і прарыў у космас. Багацце ленінскай спадчыны, вопыт яго практычнай дзейнасці з’яўляюцца сёння здабыткам партыі і камуністаў усяго свету!»

Прадстаўнікі актыву БРСМ таксама сабраліся ўшанаваць памяць Леніна. Першы сакратар Магілёўскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Сяргей Чычоў адзначыў, што сённяшняя маладзёжная арганізацыя з’яўляецца правапераемнікам камсамола. Маладыя людзі шануюць традыцыі, завешчаныя дзядамі і прадзедамі. Сярод асноўных – любіць і берагчы сваю Радзіму, працаваць на карысць роднай зямлі і быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.

«Памяць пра Леніна жыла, жывая і будзе жыць у стагоддзях, а для мільёнаў людзей па ўсёй планеце Уладзімір Ільіч нават праз шмат гадоў пасля яго смерці застаецца сімвалам барацьбы за свабоду і справядлівасць», – падкрэсліў Сяргей Чычоў.

Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды гадавіны з дня нараджэння Леніна прайшлі ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці.

Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая