RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Доўгатэрміновыя назіральнікі ад місіі СНД прыбылі ў Магілёўскую вобласць для маніторынгу выбараў

Доўгатэрміновыя міжнародныя назіральнікі ад выканаўчага камітэта СНД прыбылі ў Магілёўскую вобласць для маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Сёння Размік Хумаран і Марыя Гуцала сустрэліся са старшынёй Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Валерыем Бераставым.

Размік Хумаран падкрэсліў, што ён не ўпершыню ўдзельнічае ў маніторынгу выбарчых кампаній у нашай краіне і кожны раз адзначаў высокую арганізацыю саміх выбараў і культуру людзей, якія прымаюць удзел у галасаванні. «Па маіх назіраннях, у Беларусі выбары праходзяць як свята, і ўлада для гэтага робіць усё неабходнае, – канстатаваў ён. – Выбаршчык рэдка паглыбляецца ў заканадаўчыя аспекты, якія суправаджаюць працэс выбараў, для яго важней адчуваць сябе творцам будучыні сваёй дзяржавы».

Місія назіральнікаў пачала сваю дзейнасць 4 верасня, адзначыў Размік Хумаран. – Плануецца, што ў яе складзе будзе больш за 400 чалавек, у тым ліку каля 50 доўгатэрміновых назіральнікаў. «Мы будзем маніторыць усе этапы выбараў максімальна пільна. Пастараемся ахапіць ўсю рэспубліку. А ацэнку дадзім пасля выбараў – 18 лістапада – на выніковай прэс-канферэнцыі», – паведаміў госць.

Валерый Берастаў падрабязна праінфармаваў прадстаўнікоў місіі назіральнікаў аб ходзе выбарчай кампаніі ў Магілёўскай вобласці, расказаў пра тое, як праходзіць агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты. У прыватнасці, кіраўнік абласнога выбаркама паведаміў, што ў рэгіёне ўтвораны абласная і 13 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Яны сфарміраваны ў максімальным складзе – па 13 чалавек кожная. На Магілёўшчыне зарэгістраваныя 62 ініцыятыўныя групы з 68 прадстаўленых камплектаў дакументаў. Утворана 739 участкаў для галасавання, з іх 36 утворана ў шпіталях, санаторыях і іншых установах аховы здароўя.

Па стане на 30 верасня выбарчымі камісіямі Магілёўскай вобласці акрэдытавана 60 назіральнікаў, 55 з іх акрэдытавалі акруговыя камісіі і 5 – абласная.

Праграмай знаходжання назіральнікаў ад місіі СНД запланавана наведванне акруговых выбарчых камісій у Магілёве і азнаямленне з ходам фарміравання ўчастковых выбарчых камісій.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая