RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзень памяці Канстанціна Сіманава пройдзе ў Магілёве 28 жніўня

Дзень памяці Канстанціна Сіманава пройдзе ў Магілёве 28 жніўня. Пра гэта паведаміла старшыня гарадскога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае таварыства» Людміла Валадзько.

Адкрые мерапрыемства ў 11.00 мітынг-рэквіем ля каменя-помніка пісьменніку-франтавіку на Буйніцкім полі. Тут адбудзецца літыя і ўскладанне кветак. Далей праграмай прадугледжана наведванне ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы музея, прысвечанага К. М. Сіманаву. Тут захоўваюцца калекцыя фатаграфій, копіі дакументаў і выразкі з газет, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць ваенкара.

Важнай часткай Дня памяці, у якім могуць прыняць удзел жыхары і госці Магілёва, стане круглы стол на тэму «Карэспандэнт, паэт, пісьменнік, чалавек – К. М. Сіманаў», які адбудзецца ў актавай зале Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна (у 14.00).

Канстанцін Сіманаў праславіў подзвіг абаронцаў Магілёва ў ліпеньскія дні 1941 года. Як вядома, ён пабываў у абложаным фашыстамі горадзе, наведаў пярэдні край абароны на Буйніцкім полі, дзе было падбіта 39 фашысцкіх танкаў і бронемашын. Тут ён сустрэўся з воінамі-абаронцамі, якія вызначыліся ў гэтым баі, з камандзірам палка палкоўнікам Сямёнам Куцепавым, які, па прызнанні самога пісьменніка, паслужыў правобразам генерала Сярпіліна. Пра герояў гэтай бітвы ваенны карэспандэнт расказаў у нарысе «Гарачы дзень», апублікаваным у газеце «Известия» ад 20 ліпеня 1941 года. Пазней пісьменнік не раз вяртаўся да Магілёўскай абароны, часта прыязджаў у абласны цэнтр, бываў на месцах бітваў, сустракаўся з іх удзельнікамі. Характары і лёсы многіх з іх у той ці іншай ступені атрымалі адлюстраванне ў раманах «Жывыя і мёртвыя», «Салдатамі не нараджаюцца» і іншых творах. Паводле завяшчання, прах Канстанціна Сіманава быў развеяны над Буйніцкім полем пад Магілёвам. У памяць пра пісьменніка-франтавіка яго імем названа адна з вуліц горада на Дняпры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая