RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзень пажылога чалавека: за апошнія дзесяць гадоў доўгажыхароў у Магілёўскай вобласці стала больш амаль у два разы

1 кастрычніка адзначаецца Дзень пажылога чалавека. Гэта дата мае міжнародны статус і вельмі сімвалічная. Бо ў фразы «залатая восень», акрамя прыроднага сэнсу, ёсць і яшчэ адзін. Залатым часам чалавека называюць менавіта пажылы ўзрост–перыяд мудрасці, жыццёвага вопыту і перыяду, калі можна заняцца тым, на што раней не хапала часу.

Сёння Дзень пажылога чалавека свет адзначае 31-ым разам (абвешчаны на 45-й сесіі Генасамблеі ААН 14 снежня 1990 года). Дарэчы, у свята нават ёсць свой лагатып–раскрытая далонь як сімвал дабрыні і дапамогі.

У Магілёўскай вобласці ў сістэме органаў па працы, занятасці і сацабароне пенсіі атрымлівае больш за 221,5 тыс.чалавек ва ўзросце больш за 60 гадоў. Пры гэтым прыемна адзначыць, што год ад году павялічваецца колькасць доўгажыхароў (старэйшых за 90 гадоў): такіх налічваецца 5 тысяч. За апошнія дзесяць гадоў іх стала больш амаль у два разы, расказалі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. 

Паводле апошніх даных працоўную дзейнасць працягвае амаль 28 тыс. чалавек, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту. Прычым 72 з іх–старэйшыя за 80 гадоў.

«У сучасным свеце людзі старэйшага ўзросту атрымліваюць перспектыву і новую якасць жыцця. Жыць актыўна людзям ва ўзросце пасля 60 гадоў дапамагаюць цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёння гэтыя ўстановы ў Прыдняпроўскім краі пастаянна наведвае амаль 1,5 тысячы пажылых людзей. Тут яны знаходзяць новыя захапленні ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах. Тэматыка шматгранная: ад вырабаў рукамі, кулінарыі, вырошчвання кветак да асваення камп’ютара, псіхалогіі, вывучэння замежных моў», – паведамілі суразмоўцы.

Яны дадалі, што ў Магілёўскай вобласці валанцёрскі рух «сярэбранага» веку развіваецца з 2003 года. На сённяшні дзень толькі ў ЦСАН налічваецца 300 валанцёраў ва ўзросце ад 60 да 87 гадоў. Яны ахвотна прымаюць удзел у рэалізацыі розных праектаў і ініцыятыў.

У той жа час паслугамі сацыяльных работнікаў карыстаецца 12,9 тысяч непрацаздольных грамадзян. Ёсць пастаянны попыт на паслугі сядзелак – на абслугоўванні ў цэнтрах больш за 330 чалавек. У вобласці створана 30 замяшчальных сем’яў (калі непрацаздольнага чалавека забіраюць у сям’ю для пастаяннага пражывання).

Для тых жа пажылых людзей і людзей з інваліднасцю, якія не могуць пражываць самастойна і маюць патрэбу ў пастаянным староннім доглядзе, працуе 9 дамоў-інтэрнатаў на 2162 месцы, з іх два дамы агульнага тыпу, 6 дамоў псіханеўралагічнага профілю і адзін дзіцячы дом-інтэрнат. Акрамя таго, у вобласці працуе 12 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 567 месцаў. Пражыванне ў доме-інтэрнаце можа быць як пастаянным, так і кароткатэрміновым (да 1 месяца) і часовым (да 1 года). Гэта так званая магчымасць часовай перадышкі для сваякоў непрацаздольных грамадзян, якія ажыццяўляюць іх догляд.

«Установы маюць добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, абсталяванне, добраўпарадкаваную тэрыторыю, у іх створаны ўмовы для бяспечнага і камфортнага пражывання. Ва ўсіх гэтых установах ёсць свабодныя месцы», – канстатавалі ў камітэце.

Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і абласны Савет дэпутатаў віншуюць усіх жыхароў рэгіёна сталага ўзросту з Днём пажылога чалавека. Будзьце здаровыя, шчаслівыя, любімыя роднымі і блізкімі!

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая