RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзіцячы кніжны фестываль пройдзе ў бібліятэках Магілёва падчас школьных канікул

Дзіцячы кніжны фестываль «6-я цывілізацыя» пройдзе ў бібліятэках Магілёва з 31 кастрычніка па 4 лістапада. Пра гэта паведамілі ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса.

Традыцыйны фестываль у Магілёве пройдзе пятым разам. У гэтым годзе ён будзе прысвечаны 140-гадоваму юбілею беларускіх класікаў Я. Коласа і Я. Купалы. Літаратурнае свята для зручнасці гасцей і ўдзельнікаў будзе праходзіць як у анлайн, так і ў афлайн-фармаце.

Так, 31 кастрычніка, шэраг тэматычных мерапрыемстваў адкрые ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле імя А. С. Пушкіна гарадская акцыя татальнага чытання, якую правядзе член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтка і аўтар кніг для дзяцей Жанна Міус. Яна правядзе літаратурную дыктоўку па творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Прамы эфір гэтай сустрэчы будзе транслявацца на YouTube-канале «Бібліятэкі Магілёва». Працягнецца свята ў бібліятэках горада рознымі акцыямі і актыўнасцямі, якія будуць праводзіцца як ва ўстановах культуры, так і ў інтэрнэце.

Другі дзень фестывалю будзе прысвечаны інтэрактыўным гісторыям. А 12.00 адбудзецца сустрэча-гутарка з дзіцячай пісьменніцай і блогерам Кацярынай Залескай у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса.

На наступны дзень, 2 лістапада, у бібліятэцы-філіяле № 6 падвядуць вынікі і ўзнагародзяць пераможцаў міжнароднага конкурсу «#МОИПЕСНЯРЫ». Яго ўдзельнікамі сталі 140 чалавек з розных куткоў нашай краіны, а таксама з Расіі і Казахстана.

Гасцямі свята стануць навуковы супрацоўнік НАН Беларусі ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Бялова. Для анлайн-карыстальнікаў і ўдзельнікаў фестывалю ў Instagram-акаўнце #БиблиотекиМогилева ў гэты дзень пройдзе прэзентацыя інфармацыйнага рэсурсу «Я&Я», прымеркаваная да 140-годдзя Я. Купалы і Я. Коласа.

Цікавыя актыўнасці правядуць для ўдзельнікаў 3 лістапада. У бібліятэках адбудзецца гульня пад назвай «Літаратурны кракадзіл» (у цэнтры ўвагі будзе творчасць нашых вялікіх паэтаў), а ў сацсетках пройдзе чэлендж, дзе неабходна будзе паўтарыць рух герояў з твораў класікаў.

Завершыцца фестываль вялікай піжамнай вечарынкай для актыўных чытачоў бібліятэк.

Акрамя гэтага, на працягу ўсяго фестывалю будуць арганізаваны цікавыя сустрэчы, прэзентацыі і выставы навінак дзіцячай літаратуры.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая