RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзяржаўныя ўзнагароды ўручылі аграрыям Магілёўшчыны

Намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц уручыў працаўнікам аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны дзяржаўныя ўзнагароды і аб'явіў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адной з гаспадарак рэгіёну. Урачыстая цырымонія адбылася сёння падчас паседжання абласнога выканаўчага камітэта.

Леанід Заяц падзякаваў аграрыям за іх уклад у развіццё галіны: «Ваша праца накіравана на развіццё ўсяго аграпрамысловага комплексу. Жадаю Магілёўскай вобласці больш за такіх герояў. Добрага надвор'я і каб восень надарыла багатым ураджаем».

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў медалём «За працоўныя заслугі» адзначаны трактарыст-машыніст ААТ «Горацкая райаграпрамтэхніка» Уладзімір Афанасьеў, фармоўшчык каўбасных вырабаў ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» Зінаiда Камарова, трактарыст-машыніст ЗАТ «Сервалюкс Агра» Сяргей Май, кіроўца пагрузчыка ААТ «Кіраўскі райаграпрамтэхзаб» Андрэй Хлапкоў.

Так, Зінаіда Камарова без малога 45 гадоў працуе на мясакамбінаце, куды прыйшла пасля заканчэння вучылішча ў 1978 годзе.

«Каб так надоўга затрымацца на адным месцы, трэба любіць сваю працу. Тады і працуецца добра, - кажа жанчына. - Калектыў у нас дружны. Працу сваю выконваю якасна, жадаецца, каб людзі набывалі нашу прадукцыю з задавальненнем. Такую высокую ўзнагароду атрымліваю ўпершыню, вельмі хвалююча. І, вядома, прыемна, што тваю працу бачаць і адзначаюць».

За значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь калектыву работнікаў адкрытага акцыянернага таварыства «Новагародзішчанскае» Шклоўскага раёна, таксама гаспадарцы ўручаны падарункавы сертыфікат на набыццё трактара BELARUS 1222.

Дырэктар ААТ «Новагародзішчанскае» Анатоль Балабасаў, адказваючы на пытанне журналістаў аб складаемых поспеху, адзначыў:
 
«Поспех - гэта вынік працы ўсяго калектыву. Ураджайнасць у гаспадарцы дастойная, павялічаны сярэдні надой на карову, агульная валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі складае 114 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Удзяляем увагу і рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб'ектаў і падтрыманню парадку на машынным двары, добраўпарадкаванні. Трэба стала працаваць, рухацца наперад».
 
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая