Каля 1 тыс. машын будзе задзейнічана ў перавозцы збожжа ў час уборачнай у Магілёўскай вобласці. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка па выніках селектарнай нарады з Прэзідэнтам Беларусі.


Старшыня аблвыканкама падкрэсліў: спецыялісты прагназуюць, што валавы збор ураджаю будзе не ніжэйшы за ўзровень мінулага года, а ён быў нядрэнны. І для гэтага ў рэгіёне зроблена ўсё неабходнае. «Гэта і своечасовы пасеў, і добрае насенне, і догляд пасеваў. Таму віды на ўраджай у нас аптымістычныя. Я думаю, вал мінулага года мы возьмем», – сказаў Анатоль Ісачанка.

Вобласць сёлета нядрэнна спрацавала ў пытаннях падрыхтоўкі тэхнікі да сезона, зазначыў кіраўнік рэгіёну. «Ёсць некалькі камбайнаў, якія, на жаль, яшчэ патрабуюць рамонту, гэта ў асноўным імпартныя камбайны. Запчасткі для іх закуплены, і мы іх пусцім на ўборку збожжавых у найбліжэйшыя дні. Гатоўнасць нашых камбайнаў – 99%», – распавёў Анатоль Ісачанка.


У вобласці 210 збожжатакоў і зернесушыльных комплексаў. «З іх 205 спраўныя, 2 адрамантуем, 3 будзем кансерваваць. Па розных прычынах: дзесьці сур'ёзныя няспраўнасці, а дзесьці аб'ядналі гаспадарку і запатрабаванасці на дадзены момант у гэтых збожжатаках няма. З улікам таго, што ў нас магутнасць па перапрацоўцы і сушцы збожжа 72 тыс. т, а дзённы намалот у раёне 50 тыс. т, нашы збожжатакі здольныя прасушыць і перапрацаваць усё неабходнае збожжа», – адзначыў старшыня аблвыканкама.


Тэхніка і кадры ў рэгіёне – у неабходнай колькасці. «Каля тысячы машын у нас будзе задзейнічана, 307 з іх – прыцягнутыя. Экіпажы на ўсіх збожжаўборачных камбайнах укамплектаваны, 189 чалавек прыцягнуты з іншых арганізацый. І я хачу выказаць падзяку кіраўнікам арганізацый, якія ў такі напружаны момант падстаўляюць нам плячо, – сказаў Анатоль Ісачанка. – Каких–то праблемных пытанняў па ўборцы я не бачу. Галоўнае, каб Гасподзь Бог даў нам нармальнае надвор'е».

Літаральна на мінулым тыдні ў рэгіёне віншавалі першы экіпаж, які намалаціў 1 тыс. т. Ён працуе ў ЗАТ «Агракамбінат «Зара» ў Магілёўскім раёне. «Я думаю, надвор'е будзе, пойдуць і двух–, і трохтысячнікі. Хлопцы настроены на ўборку ўраджаю», – падсумаваў старшыня аблвыканкама.

Новыя камбайны, мехатрады і віды на ўраджай: Анатоль Ісачанка расказаў аб уборачнай у рэгіёне

БЕЛТА