RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Электронная энцыклапедыя «Магілёў на Дняпры» раскажа аб 250-гадовай гісторыі краю

Электронную энцыклапедыю «Магілёў на Дняпры, або гісторыя адной губерні» стварылі ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя Леніна. Новы інтэрнэт-рэсурс прысвечаны 250-годдзю са дня ўтварэння Магілёўскай губерні, паведамілі ў аддзеле бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці ўстановы культуры.

Энцыклапедыя размешчана на сайце абласной бібліятэкі і складаецца з дзесяці тэматычных раздзелаў, якія адлюстроўваюць пэўны перыяд у развіцці і станаўленні адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і звязаны ў ліку іншага з рознымі гістарычнымі асобамі: «250. Зваротны адлік», «Па гарадах і вёсках», «Ваша правасхадзіцельства», «Магілёў губернскі», «Становішча спраў», «Жыццё-быццё», «Вялікія і знакамітыя», «Губернская друкарня», «Маўклівыя сведкі эпохі», «А ці ведаеце вы?».

Пры стварэнні рэсурса выкарыстаны дакументы з фонду ўстановы культуры, у тым ліку вялікі масіў артыкулаў магілёўскіх гісторыкаў, навукоўцаў і краязнаўцаў. Яны дапоўнены матэрыяламі са свабодных інтэрнэт-крыніц. «Энцыклапедыя дапаможа адказаць на многія пытанні, ўзбагаціць веды па гісторыі Магілёўскага рэгіёна, а таксама будзе карысная ва ўстановах адукацыі ў якасці дапаможнага матэрыялу», – адзначылі ў бібліятэцы.

Напрыклад, з энцыклапедыі можна даведацца, сустрэчай якіх дзвюх каранаваных асоб у Магілёве вырашыўся канчатковы лёс Рэчы Паспалітай і Турцыі, дзе зараджаўся Чарнаморскі флот Расіі, якое імя выдатнага Магілёўскага губернатара-рэфарматара, які ператварыў гэтыя землі ў адну з квітнеючых і прагрэсіўных губерняў Расійскай імперыі, які горад падчас Першай сусветнай вайны стаў неафіцыйнай сталіцай дзяржавы.

Магілёўская губерня з’явілася на карце Расійскай імперыі 250 гадоў таму, 28 мая 1772 года, у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка яна праіснавала амаль 150 гадоў. За гэты гістарычны перыяд на магілёўскай зямлі адбыўся шэраг эпахальных падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю не толькі нашай краіны, але і ўсёй Еўропы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая