RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фестываль «Глушанскі хутарок» пройдзе 2 кастрычніка ў Бабруйскім раёне

Штогадовы рэгіянальны фестываль народнай творчасці і рамёстваў «Глушанскі хутарок» пройдзе 2 кастрычніка ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

Як падзяліліся суразмоўцы, у праграме мерапрыемства адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю; гала-канцэрт пераможцаў раённага конкурсу беларускай песні «Люблю цябе, Белая Русь»; конкурс на самую лепшую тэатралізаваную прэзентацыю абрадаў «Вяртанне да вытокаў»; культурна-забаўляльны конкурс «Гаспадыня Глушанскага хутарка-2021» і многае іншае.

На працягу дня можна будзе азнаёміцца з працай розных тэматычных пляцовак, пакатацца на конях і поні, а таксама набыць сувенірную прадукцыю на кірмашы-продажы вырабаў майстроў.

«Фестываль праводзіцца з мэтай захавання і аднаўлення беларускай традыцыйнай народнай культуры, адраджэння духоўнай спадчыны, далучэння людзей да народнай творчасці і захавання традыцыйных формаў прыкладнога мастацтва, павышэння ўзроўню сцэнічнага майстэрства аматарскіх калектываў раёна, папулярызацыі найлепшых узораў рамесніцтва», – адзначылі ў абласным метадычным цэнтры.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая