RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гарадскі фестываль «Сямейныя традыцыі» завершыцца 19 мая ў Магілёўскім парку імя Горкага

Гарадскі фестываль «Сямейныя традыцыі» праходзіць у Магілёве. Форум стартаваў 13 мая і завершыцца напрыканцы тыдня. Яго дэвіз – «Мая сям’я – маё багацце», паведамілі арганізатары мерапрыемства.

У межах фестывалю ў агульнаадукацыйных школах, ліцэях, каледжах, гімназіях і ўніверсітэтах горада праводзяцца адкрытыя дыялогі «Сям’я як падмурак шчасця». У Магілёўскім дзяржаўным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся канцэрт выхаванцаў нядзельнай школы пры храме Святых царскіх пакутнікаў і ўсіх навамучанікаў і вызнаўцаў ХХ стагоддзя «Уся радасць жыцця змяшчаецца ва ўсмешцы дзіцяці». 16 мая ў гэтым храме пройдзе пасяджэнне творчай майстэрні «Духоўнасць – аснова актыўнага даўгалецця», а 17 мая ў кінатэатры «Радзіма» арганізуюць прагляд ролікаў сацыяльнай рэкламы – пераможцаў Беларускага міжнароднага фестывалю «Далонька». Круглы стол «Моцная сям’я – моцная дзяржава» з удзелам архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскі Сафронія адбудзецца на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы 18 мая. У гэты ж дзень у кнігарні «Чытайбург» (ГЦ Аліса, бакавы ўваход) правядуць Раманаўскія літаратурныя чытанні для дзяцей. 

Самая яркая падзея форуму пачнецца 19 мая ў 10.00 у парку імя Горкага. Тут да 16.00 жыхары горада на Дняпры змогуць прыняць удзел у працы тэматычных творчых пляцовак, напоўненых бясплатнымі майстар-класамі, гульнямі, конкурсамі, віктарынамі, інтэрактыўнымі выставамі. Астраўкі будуць прысвечаныя розным напрамкам, таму кожны зможа знайсці штосьці цікавае для сябе.

Незвычайнай абяцае стаць зона «Разам з татам». «У сучаснай сям’і роля таты часам адыходзіць на задні план. Мама праводзіць з дзецьмі вялікую частку часу. Але для правільнага выхавання дзіцяці бацька вельмі важны. Таму на названай пляцоўцы таты змогуць у свой выхадны дзень пагуляць з малымі, – растлумачылі арганізатары. – Мы прапануем ім успомніць дзяцінства, зрабіць караблікі з паперы. Таксама паспаборнічаць у перацягванні каната, паўдзельнічаць у вясёлых гонках на цацачных машынках, пакатацца на пакрывалах і высветліць, у каго мацнейшыя рукі, навучым завязваць марскія вузлы».

У зоне правядзення фестывалю будзе арганізаваны «Горад майстроў», у якім прымуць удзел рамеснікі Магілёва, а таксама выязны безалкогольны гандаль. Запланавана канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў горада, нядзельных школ, магілёўскіх бардаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая