RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ідэі «Купалля» і народнага касцюма скразной ніткай будуць праходзіць праз усе мерапрыемствы свята «Александрыя збірае сяброў»

Ідэі «Купалля» і народнага касцюма скразной ніткай будуць праходзіць праз усе мерапрыемствы свята «Александрыя збірае сяброў». На гэта звярнуў увагу падчас тэматычнай прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

У Александрыі сёлета чакаецца яркая і насычаная праграма. Госці змогуць наведаць выставу прадукцыі Мінскага трактарнага завода, выставу-продаж хлебабулачных вырабаў і свята квасу, моладзевую экспазіцыю «Калідор эпох», «Александрыйскі кірмаш» з купальскімі падворкамі. Прыедуць у аграгарадок і фіналісты рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла».

Кожная вобласць і горад Мінск прадставяць на свяце інтэрактыўныя тэматычныя экспазіцыі, дзе будуць паказаныя творчыя праграмы-прэзентацыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці рэгіянальнага касцюма. Тут таксама правядуць віктарыны, конкурсы, арганізуюць народныя гульнявыя атракцыёны па тэматыцы, розыгрышы купальскіх латарэй, тэатралізаваныя дзействы з удзелам творчых груп, выступленні самадзейных калектываў. Паміж інтэрактыўнымі пляцоўкамі размесцяцца цэнтры па народных рамёствах. Ужо пацвердзілі свой удзел майстры з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы.

Падчас «Свята кнігі» можна будзе пазнаёміцца з нацыянальнай літаратурнай спадчынай. Тут будзе прэзентаваная праграма, прысвечаная Дню беларускага пісьменства, які пройдзе 6 верасня ў Бялынічах.

Разгорнецца на святочнай пляцоўцы і цырк-шапіто. Непадалёк ад шатра гасцям прапануюць паглядзець разнастайныя шоу і эстрадна-цыркавыя прадстаўленні. Прадэманструе сваё майстэрства вакальны ансамбль «Весялуха» Магілёўскай абласной філармоніі. Адбудзецца паказ новых калекцый ільнянога адзення беларускіх вытворцаў. Маленькія госці «Купалля» змогуць наведаць дзіцячую дыскатэку, дзе выступяць творчыя калектывы, удзельнікі тэлешоу «Голас. Дзеці» з Магілёўскай вобласці, клоўны і аніматары.

Урачыстая цырымонія адкрыцця свята запланавана на 17.00. Услед за ёй – эстрадна-забаўляльная праграма з удзелам артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі. Увечары ўзнагародзяць пераможцаў і ўдзельнікаў праекта «Уладар сяла». Выступіць з канцэртам заслужаны калектыў Беларусі – аркестр народных інструментаў імя Л. Л. Іванова. Адначасова пройдуць дэманстрацыйныя палёты самалётаў і выступленні парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А. М. Кулагіна.

Гала-канцэрт «Мая Александрыя» пачнецца на галоўнай пляцоўцы а 21.30. Па яго завяршэнні гасцей чакае маляўнічы феерверк. Працягнуцца гулянні моладзевай дыскатэкай з удзелам Івана Вабішчэвіча (дзядзькі Вані), артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі і вядучых дыджэяў краіны.

У другі дзень фестывалю пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны ў суправаджэнні аркестра народных інструментаў імя Л. Л. Іванова, выступіць ансамбль «Песняры». У гэты ж час пачнуцца выступленні артыстаў цырка. Запланаваны канцэрт заслужанага калектыву Беларусі ансамбля песні і танца «Медуніца».

Як расказаў Валерый Малашка, ужо дэталёва прапрацаванае пытанне транспартнай даступнасці свята. Расклад руху саставаў Магілёўскай чыгункі будзе перагукацца з асноўнымі падзеямі фестывалю. Ёсць дамоўленасць і з аўтапаркамі: будзе магчымасць дабрацца да Александрыі з Мінска, Магілёва і Оршы. Варыянты ад’езду таксама сінхранізаваныя з праграмай мерапрыемстваў.

«Купалле» ў Александрыі будзе праходзіць на адкрытым паветры. Пры ўваходзе на тэрыторыю свята ўсім вымераюць тэмпературу. Гэта паспрыяе бяспецы гасцей, падкрэсліў Валерый Малашка. У месцах вялікага скаплення людзей распачнуць дадатковыя меры па сацыяльным дыстанцыраванні. У прыватнасці, будуць павялічаны гандлёвыя рады, зменіцца схема размяшчэння пляцовак фестывалю.

«Мы заклікаем тых, хто будзе дрэнна сябе адчуваць, устрымацца ад наведвання свята: занадта насычаная і працяглая праграма можа дрэнна адбіцца на самаадчуванні. Але калі вы здаровыя і поўныя сіл, абавязкова прыязджайце ў Александрыю», – сказаў намеснік старшыні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая