RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Марзалюк: Канстытуцыя – гэта дакумент, па якім будзем жыць не толькі мы, але і нашы дзеці, унукі

Па ўсёй краіне працягваюць працаваць дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Работнікі ААТ «Магатэкс» таксама сабраліся ў актавай зале адміністрацыйнага корпуса, каб абмеркаваць навацыі найважнейшага для краіны дакумента. На сустрэчы прысутнічаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк.

Адкрываючы сход, генеральны дырэктар прадпрыемства Віктар Маціевіч адзначыў, што ход абмеркавання праекта Канстытуцыі цяпер – у актыўнай фазе. Асноўны Закон закранае практычна ўсе сферы нашага жыцця, таму вельмі важна пачуць меркаванне кожнага грамадзяніна. Ігар Марзалюк удакладніў:

– Усяго ўнесена звыш 5 тысяч прапаноў і заўваг. Усе яны будуць перададзены ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.

Доктар гістарычных навук, член Канстытуцыйнай камісіі падкрэсліў, што змены і дапаўненні ў Асноўны Закон запатрабаваў сам час. «Па сутнасці, існуючая Канстытуцыя была прынята як антыкрызісная. Яе зацвярджалі ў 90-я. Успомніце, што гэта былі за гады: пустыя паліцы крам, крымінал, беспрацоўе». З таго часу, падкрэсліў Ігар Аляксандравіч, змянілася вельмі многае. Створаны эфектыўныя дзяржаўныя інстытуты, вырасла планка дабрабыту жыхароў краіны. Але час не стаіць на месцы, і ён запатрабаваў карэкціроўкі многіх пунктаў Асноўнага Закона, у тым ліку – фундаментальных. За тры дзясяткі гадоў вырасла маладое пакаленне, якое не перажыло тых цяжкасцяў, што іх бацькі і дзеці. І пункт гледжання некаторых з іх грунтуецца на «інтэрнэт-ведах», ілжывай інфармацыі. Сярод іншых дапаўненняў і змяненняў у новым варыянце немалая ўвага нададзена працы з моладдзю, патрыятычнаму выхаванню, аналізу гістарычнага мінулага нашай краіны. Клопат пра ветэранаў таксама лёг у аснову ўдасканаленай версіі Асноўнага Закона.

– Гэта – Канстытуцыя будучыні, – падсумаваў Ігар Марзалюк. – Дакумент, па якім будзем жыць не толькі мы, але і нашы дзеці, унукі. Змены задуманы для таго, каб усе мы жылі ў мірнай краіне, стваралі ў імя яе дабра і ўласнага дабрабыту. У краіне, дзе планка сацыяльнага клопату дзяржавы была і застаецца адной з самых высокіх у свеце.

Ігар Марзалюк адказаў на пытанні, якія задалі работнікі ААТ «Магатэкс», выслухаў і запісаў іх прапановы, якія дапоўняць пакет меркаванняў, атрыманых падчас абмеркавання Праекта Канстытуцыі ў краіне.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая