RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ірына Раінчык: усё часцей мы бачым яркія прыклады сумеснай працы грамадзян і органаў улады па развіцці мясцовых тэрыторый

На рэгіянальнай канферэнцыі абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў 16 лістапада абмеркавалі вынікі рэалізацыі праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі Магілёўшчыны ў 2022 годзе. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, дырэкцыя абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыні гаррайсаветаў дэпутатаў, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, ініцыятыўных груп, грамадскіх аб’яднанняў.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Ірына Раінчык адзначыла, што прывабліванне і стымуляванне насельніцтва да ўдзелу ў вырашэнні пытанняў мясцовага значэння ў апошнія гады вельмі актуальнае.

«Усё часцей на тэрыторыі нашага рэгіёна мы бачым яркія прыклады сумеснай працы грамадзян і органаў улады, накіраваныя на развіццё мясцовых тэрыторый. Гэта захаванне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне дзіцячых пляцовак, вулічных спарткомплексаў, добраўпарадкаванне тэрыторый і зон адпачынку. На працягу чатырох гадоў мы працуем сумесна з абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, якой дапамагаем рэалізоўваць ініцыятывы ў нашым рэгіёне. І сёння мы падводзім вынік карпатлівай працы, якая доўжылася каля двух гадоў. З 2021 года сумесна з дзяржаўнымі органамі мы актыўна працавалі над вызначэннем механізму грамадзянскіх ініцыятыў», – распавяла Ірына Раінчык.

Таксама яна нагадала прысутным, што ў гэтым годзе Прэзідэнт Беларусі падтрымаў прапанаваны механізм ўрада па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, дзе была прадугледжана фінансавая падтрымка Банка развіцця Рэспублікі Беларусь.

Банкам развіцця было выдзелена Br 100 тыс. на рэалізацыю ініцыятыў у Магілёўскай вобласці. З 79 пададзеных заявак было адабрана і прафінансавана 7 у гарадах Магілёў і Бабруйск, Чавусы, Быхаў, у Клімавіцкім і Шклоўскім раёнах. Усе яны падтрыманы людзьмі і паспяхова рэалізаваныя.

«Гэтыя ініцыятывы былі накіраваны на розныя сферы – ад грамадзянска-патрыятычнага выхавання да здаровага ладу жыцця, добраўпарадкавання зон адпачынку ля вады. Самая галоўная задача – гэта рашэнне сацыяльна значных пытанняў мясцовага ўзроўню. Сёння мне вельмі прыемна, што некаторыя з ініцыятараў такіх праектаў прысутнічаюць тут і дзеляцца сваім вопытам.

Хачу адзначыць, што на сёння ў межах заканадаўства разглядаецца законапраект аб мясцовым кіраванні і самакіраванні на ўзроўні Палаты прадстаўнікоў Савета Рэспублікі. І нам вельмі важна, што пытанне грамадзянскіх ініцыятыў ужо прапанавана і ў першым чытанні прынята. Асобна ў ім прапісана, як у далейшым будуць рэалізоўвацца даныя ініцыятывы, вызначаны адпаведны механізм».

Як падкрэсліла, у сваю чаргу, дырэктар абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова, сярод напрамкаў дзейнасці асацыяцыі, звязаных з развіццём мясцовага самакіравання ў рэгіёне, падтрымка мясцовых ініцыятыў з’яўляецца адным з самых папулярных. Пачынаючы з 2019 года, на тэрыторыі вобласці штогод рэалізуецца каля 30 грамадзянскіх ініцыятыў. За гэтыя гады адпрацаваны механізм іх рэалізацыі. Каля 50% свайго бюджэту асацыяцыя накіроўвае на іх падтрымку.

Вопытам удзелу ў конкурсе і рэалізацыі свайго праекта падзялілася кіраўнік ініцыятыўнай групы грамадзян з Бабруйска Алена Мілова: «Калі мы з суседзямі пачулі пра конкурс грамадзянскіх ініцыятыў па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, то нават сумнення не ўзнікла аб нашым удзеле. У выніку мы апынуліся ў ліку пераможцаў. Банкам развіцця нам было выдзелена Br16 тыс, яшчэ Br20 тыс. сабралі самі з усіх найбліжэйшых дамоў, Br7 тыс. нам прадаставіла абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Цяжка пераацаніць і дапамогу, якую аказалі Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудавання, фабрыка мастацкіх вырабаў і прадпрыемства «ЭкаверПра».

Па перыметры спартыўна-гульнявой пляцоўкі знаходзяцца чатыры жылыя шматкватэрныя дамы, у якіх пражывае больш за 200 дзяцей і падлеткаў. Важны і той факт, што сумесная праца дазволіла нашым жыхарам адчуць дачыненне да станоўчых змен. Людзі абмяркоўвалі, што цяпер і яны самі, і дзеці зусім інакш успрымаюць сваю пляцоўку і больш яе цэняць. З задавальненнем прыходзяць сюды сем’ямі, каб пазаймацца спортам, правесці час весела і з карысцю».

Завяршылася мерапрыемства ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання кіраўнікоў ініцыятыўных груп.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая