RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Іван Кубракоў аб дапамозе людзям: у нашым жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу

У нашым жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падчас цырымоніі ўзнагароджання найлепшых супрацоўнікаў МУС у вёсцы Гаі Магілёўскага раёна.

Па словах Івана Кубракова, урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя ўручэнню дзяржаўных узнагарод і пагонаў чарговых спецыяльных званняў міліцыянерам, праводзяцца на тэрыторыі ўсёй рэспублікі. У гэты раз да заахвочвання прадстаўлена больш за 100 праваахоўнікаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Цырымонія прайшла ў знакавым для кожнага вартавога парадку месцы – ля помніка байцам батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава. Ля манумента сабраліся адзначаныя супрацоўнікі і вайскоўцы ўнутраных войскаў розных падраздзяленняў двух рэгіёнаў, а таксама прадстаўнікі Магілёўскага інстытута МУС.

«Менавіта тут, на вышыні капітана Уладзімірава, у 1941 годзе яго міліцэйскі батальён, нашы калегі, стаялі да смерці, абараняючы Магілёў і яго жыхароў, – падкрэсліў Іван Кубракоў. – І сёння, ужо ў сучаснай Беларусі, нашы супрацоўнікі органаў унутраных спраў таксама знаходзіліся ў асаблівых умовах, калі неабходна было выстаяць. Яны гэта зрабілі на выдатна і выканалі свой службовы абавязак. Указам кіраўніка дзяржавы было прынята рашэнне аб іх узнагароджанні. Гэта велізарная ацэнка нашай працы».

З рук міністра пагоны падпалкоўніка за асаблівыя заслугі былі ўручаны начальніку аддзела крымінальнага вышуку Клімавіцкага РАУС Віктару Мінчанку, хоць яго пасада прадугледжвае званне ніжэйшае. «У нашым жыцці і на службе заўсёды ёсць месца подзвігу, нават у элементарнай дапамозе грамадзяніну. Нашы супрацоўнікі заўсёды прыйдуць на дапамогу», – падкрэсліў міністр.

Іван Кубракоў ад усёй душы павіншаваў прысутных з уручэннем заслужаных узнагарод і выказаў словы падзякі за службу. Ён таксама падзякаваў родным і блізкім, у асобе якіх праваахоўнікі знаходзяць падтрымку. На думку міністра, гэта немалаважна: выконваючы задачы, супрацоўнік міліцыі павінен быць упэўнены, што ў яго дома ўсё добра.

Кіраўнік сілавога ведамства адзначыў, што на сёння аператыўная абстаноўка ў краіне спакойная і кантралюемая. «Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, спецпадраздзяленні гатовыя ствараць бяспеку нашых грамадзян і, калі прыйдзецца, працаваць у асаблівых умовах. Мы гэта ўжо не адзін раз даказалі», – сказаў на заканчэнне ён.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая