RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кластар з сучаснымі трэнажорамі і баскетбольнай пляцоўкай адкрылі ў Бабруйску

У Бабруйску адкрылі спартыўна-гульнявы кластар Street Workout з сучаснымі трэнажорамі і баскетбольнай пляцоўкай. Ініцыятыва коштам Br125 тыс. рэалізавана Банкам развіцця.
 
«Акрамя сваёй асноўнай функцыі – фінансавання дзяржаўных праграм і рэалізацыі значных інвестпраектаў, мы таксама ажыццяўляем сацыяльную падтрымку, – адзначыў старшыня праўлення Банка развіцця Аляксандр Ягораў. - Гэта праекты ў сферы медыцыны, сельскай гаспадаркі, транспарту і спорту. Такія workout-пляцоўкі дазваляюць дзецям і падлеткам займацца спортам, развівацца фізічна. Гэтую ініцыятыву мы плануем рэалізоўваць у розных рэгіёнах краіны штогод. У Магілёўскай вобласці мы прафінансавалі і пабудавалі разам з Бабруйскам ужо чатыры такія пляцоўкі, яшчэ дзве размешчаны ў Магілёве і адна - у Асіповічах. Спадзяемся, што новы спартыўны аб'ект будзе карыстацца папулярнасцю і стане добрым падарункам як вучылішчу алімпійскага рэзерву, так і ўсяму гораду».
 
Спортпляцоўка ўключае гульнявы блок «Урбанбол», два баскетбольныя шчыты з кольцамі, бясшвоўнае палімернае пакрыццё, пляцоўку для гульні ў стрытбол, інфармацыйны стэнд з праграмай трэніровак і спартыўныя трэнажоры, у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Так, тут устаноўлены больш за дзесятак трэнажораў, на якіх можна практыкаваць звыш 100 відаў практыкаванняў. Па словах Аляксандра Ягорава, пляцоўка стане месцам прыцягнення для аматараў заняткаў спортам і гульні ў баскетбол. Гэта дазволіць ім не толькі ўмацаваць здароўе і фізічную цягавітасць, але і атрымаць добры настрой, эмацыйна разрадзіцца пасля вучобы ці складанага працоўнага дня.
 
Дырэктар вучылішча алімпійскага рэзерву Павел Бельскі ўпэўнены, што на пляцоўцы змогуць паспяхова займацца людзі розных узростаў - як аматары, так і прафесійныя спартсмены. На адкрыцці комплексу ад навучэнцаў і калектыву ўстановы ён выказаў у адрас Банка развіцця асобны дзякуй. «Такая карысная ініцыятыва па падтрымцы спорту заслугоўвае самых шчырых слоў падзякі, - падкрэсліў кіраўнік. - Спартыўны комплекс дасць нам штуршок у развіцці, таму што сёння падрыхтоўка спартсменаў патрабуе новага абсталявання і сучасных падыходаў да вучэбна-трэніровачнага працэсу. Упэўнены, што пляцоўка, якая знаходзіцца ў вольным доступе, будзе высока запатрабаваная нашымі навучэнцамі і жыхарам мікрараёна».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая