RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Конкурс баяністаў і акардэаністаў збярэ ў Магілёве ўдзельнікаў з пяці краін

IV Міжнародны конкурс выканаўцаў на баяне і акардэоне «Магілёўскія найгрышы» стартуе ў Магілёве 25 сакавіка. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я. Глебава.

У гэтым годзе фестываль збярэ каля 500 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі і Балгарыі. Удзел у творчым спаборніцтве праводзіцца ў вочным і дыстанцыйным фармаце ў трох намінацыях: салісты, ансамблі і аркестры.

Падчас конкурснай праграмы запланаваны 2 канцэрты з аркестравымі калектывамі Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. Так, 25 сакавіка а 18.00 Міхаіл Валчкоў (г. Мінск) выступіць з узорным аркестрам баяністаў і акардэаністаў. Кіраўнік Вера Грашчанка. 26 сакавіка а 18.00 заслужаны артыст Рэспублікі Карэлія Міхаіл Тоцкі з Петразаводска прадставіць канцэртную праграму сумесна з узорным аркестрам народных інструментаў, кіраўнік Кацярына Забела.

Конкурсныя выступленні салістаў і ансамбляў пройдуць 25 і 26 сакавіка ў навучальным корпусе № 1 па вул. Ленінскай, 52, аркестравыя калектывы выступяць 25 сакавіка ў корпусе № 2 (вул. Крыленка, 12). Вочныя выступленні ўдзельнікаў конкурсу будуць трансліравацца ў рэжыме рэальнага часу на YouTube-канале гімназіі-каледжа мастацтваў.

Адкрыццё конкурсу адбудзецца 25 сакавіка а 10.30 у канцэртнай зале па вул. Ленінскай, 52.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць упраўленне па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Я. Глебава пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама, упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама, асацыяцыі беларускіх баяністаў і акардэаністаў грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз музычных дзеячаў».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая