RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве пройдзе ў Бабруйскім раёне

Другі рэспубліканскі конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве «Пераўвасабленне дрэва» пройдзе з 5 па 12 ліпеня на базе адпачынку «Вербкі» ў Бабруйскім раёне, паведамілі ў Бабруйскім гарвыканкаме.

Мерапрыемства збярэ каля 30 канкурсантаў – прадстаўнікоў прадпрыемстваў лясной і дрэваапрацоўчай галіны. У іх ліку работнікі ААТ «ФанДАК», «Барысаўдрэў», «Новасвержанскі лесазавод», «Мастокдрэў», «Віцебскдрэў», Віцебскага, Мазырскага, Акцябрскага, Клічаўскага і Бабруйскага лясгасаў. За званне лепшага майстра разьбы па дрэве будуць змагацца як вопытныя прафесіяналы сваёй справы, так і разьбяры-пачаткоўцы. Канкурсанты павінны вырабіць сюжэтныя манументальныя скульптуры з дрэва. Лепшыя з іх затым упрыгожаць вуліцы горада на Бярэзіне.

Падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца 12 ліпеня. У гэты дзень для ўдзельнікаў і гасцей пройдзе майстар-клас хуткаснай разьбы бензапіламі, адкрыецца выстава аўтарскіх работ, рыхтуецца разнапланавая культурна-забаўляльная праграма.

«Асноўная мэта конкурсу – развіццё традыцый, прыцягненне ўвагі да галіны, павышэнне значнасці і прэстыжу прафесіі разьбяроў па дрэве, выяўленне і падтрымка таленавітых майстроў, развіццё экалагічнага турызму», – адзначылі ў гарвыканкаме.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання, канцэрн «Беллеспаперапрам» і ААТ «ФанДАК» пры падтрымцы Міністэрства культуры і Бабруйскага гарвыканкама.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая