RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: невялікія прадпрыемствы пазітыўна ўплываюць на развіццё раёнаў

Такое меркаванне выказаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь–інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк падчас наведвання Слаўгарадскага раёна. Ён азнаёміўся з працай ТАА «Слаўгарадскае лесанарыхтоўчае прадпрыемства», якое займаецца вытворчасцю піламатэрыялаў і паліўных брыкетаў.

Падобны праект прыватнай формы ўласнасці, на думку Леаніда Мартынюка, выдатны прыклад узаемадзеяння бізнесу і ўлады.

– Работнік павінен быць абаронены як матэрыяльна, эканамічна, так і сацыяльна на любым прадпрыемстве. Вось такія невялікія вытворчасці, якія даюць магчымасць атрымліваць добрую зарплату, быць занятым у эканоміцы канкрэтнаму чалавеку, неабходна ствараць у межах праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшую пяцігодку ў кожным раёне Магілёўшчыны, – адзначыў Леанід Мартынюк. – З’яўленне падобных прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці пазітыўна ўплывае на эканоміку і сацыяльную сферу. Дзяржава дапамагае буйным ігракам, аднак не забывае аб невялікіх, якія таксама прыносяць карысць. Падтрымліваючы дзяржаўны сектар, нельга пакідаць без увагі і такія сярэднія, малыя вытворчыя аб’екты, бо яны становяцца штуршком развіцця таго ці іншага раёна.

Найбольш буйныя вытворчыя філіялы Слаўгарадскага лесанарыхтоўчага прадпрыемства размешчаны ў вёсках Чачэраўка і Гайшын. На першым аб’екце занята каля 15 чалавек, якія займаюцца выпускам паліўных брыкетаў. Падобная лінія тут з’явілася свядома–паўстала лагічнае пытанне з адходамі.

– У нас наспела неабходнасць у іх утылізацыі пасля распілоўкі, – адзначыў дырэктар прадпрыемства Міхаіл Ярмоленка. – Прынялі рашэнне запусціць цэх, дзе можна максімальна выкарыстоўваць адходы ў вытворчасці і ператвараць пілавінне ў прыбытковы прадукт. За 2020 год, да прыкладу, вырабілі каля 7,5 тысячы тон паліўных брыкетаў. Большая частка з іх была прададзеная ў Еўропу.

На другім філіяле ў вёсцы Гайшын, дзе займаюцца распілоўкай драўніны, на вытворчасці занята больш за 50 чалавек, каля 20 з іх – мясцовыя. Працоўныя месцы, годная заработная плата–кропкі, на якія тут абапіраюцца. Ключавое, як у любым бізнэсе, – гэта атрыманне прыбытку. У другім паўгоддзі мінулага года з гэтай мэтай тут устанавілі новае сушыльнае абсталяванне. Па словах дырэктара Міхаіла Ярмоленка, гэта дае магчымасць ужо сёння атрымліваць прадукцыю з больш высокім дабаўленым коштам:

– Стараемся рухацца ў нагу з часам. Так, у нас прыватнае прадпрыемства, але без падтрымкі дзяржавы яго стварыць проста б не змаглі. Яно было арганізавана ў 2013 годзе, і ўсё, што тут сёння ёсць, з’явілася пры дзеючай уладзе. Зараз актыўна развіваемся: адгрузка прадукцыі ідзе ў Германію, Данію, Прыбалтыку. Экспартуем каля 70 працэнтаў.

Пасля знаёмства з прадпрыемствам памочнік Прэзідэнта–інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк –спыніўся на працы падобных аб’ектаў. 

- Тая задача, якая ставілася кіраўніком дзяржавы па выкарыстанні мясцовых відаў паліва эканамічна эфектыўна, таксама ўпісваецца ў прыродаахоўны напрамак. На Слаўгарадскім лесанарыхтоўчым прадпрыемстве выпускаюцца паліўныя брыкеты. Гэта прадукцыя мае экспартны вектар. Трэнд, на якім можна зарабіць грошы.

Таксама Леанід Мартынюк сустрэўся з калектывам прадпрыемства. Падчас гутаркі ён спыніўся на асноўных пасылах, якія былі агучаны на IV Усебеларускім народным сходзе. Ён закрануў пытанні развіцця эканомікі, маладзёжнай палітыкі. У якасці ключавога вектара развіцця на найбліжэйшую пяцігодку пазначыў стварэнне камфортных умоў для жыцця.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая