RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёў з візітам наведвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім

Магілёў з аднадзённым візітам наведвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Сёння ў аблвыканкаме адбылася сустрэча дыпламата з кіраўніком нашага рэгіёна Леанідам Зайцам.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што Беларусь заўсёды даражыла адносінамі з Украінай. Прыдняпроўскі край – не выключэнне: існуе шмат агульных тэм для супрацоўніцтва ў эканамічнай, культурнай, турыстычнай і гуманітарнай сферах. У перспектыве асаблівую ўвагу трэба надаць нарошчванню ўзаемнага тавараабароту, умацаванню ўжо наяўных партнёрскіх сувязяў паміж прадпрыемствамі і прадстаўнікамі бізнесу.

Леанід Заяц заўважыў, што ў Магілёўшчыны ў пэўны час склаліся дружалюбныя адносіны з шасцю ўкраінскімі абласцямі. Сёння трэба аднавіць гэтае супрацоўніцтва, перагледзець падыходы да яго пабудовы з улікам наяўных тэндэнцый, а таксама актывізаваць выбудоўванне новых узаемапрымальных кантактаў на ўзроўні рэгіёнаў.  

У сваю чаргу Ігар Кізім назваў перспектыўным міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. «Нашы рэгіёны маюць вялікі патэнцыял у сферы эканамічнага ўзаемадзеяння. Дзякуючы палітыцы дэцэнтралізацыі вобласці і рэгіёны Украіны атрымалі значныя сродкі для таго, каб укладваць іх у развіццё знешнеэканамічных сувязяў», – падкрэсліў дыпламат.

Ігар Кізім дадаў, што адкрыццё ў Магілёве Ганаровага консульства Украіны змагло б унесці значны ўклад у сістэмнае наладжванне і паспяховае выбудоўванне ўзаемаадносін. Таксама ён выказаў надзею на актывізацыю ў найбліжэйшы час міждэпутацкага супрацоўніцтва.

Дыпламат звярнуў увагу і на важнасць пошукавай працы, якая вядзецца ў нашым рэгіёне па захаванні памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, Ігар Кізім выказаў падзяку за перадачу астанкаў загінулага пад Магілёвам чырвонаармейца Івана Рубана ў Чарнігаўскую вобласць Украіны.

Падчас сустрэчы ішла размова і пра II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў кастрычніку 2019 года ў Жытоміры. Бакі выказалі жаданне прыйсці да значнага мерапрыемства ўжо з пэўнымі вынікамі. «Сёння няма праблем з пошукам першаснай інфармацыі ў любым кірунку, – адзначыў намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка. – Важным момантам з’яўляецца яе дакладнасць. Таму міжасобасныя кантакты пры выбудоўванні супрацоўніцтва адыгрываюць першарадную ролю. Добрай пляцоўкай для знаёмства і дасягнення дамоўленасцей паміж прадстаўнікамі бізнесу можа стаць XI Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху», які адбудзецца ў Магілёве 28-29 чэрвеня».

Сёння Пасол Украіны наведаў ААТ «Магілёўліфтмаш». Праграмай візіту прадугледжана сустрэча Ігара Кізіма са старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Уладзімірам Цумаравым. У Магілёўскім аддзяленні БелГПП адбудзецца дыялог з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці, якія ўжо супрацоўнічаюць з украінскімі калегамі, і тымі, хто зацікаўлены ў наладжванні кантактаў. У канцы дня запланавана сустрэча дэлегацыі з украінскай дыяспарай рэгіёна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая