RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская кампанія «Дамачай» асвоіла вытворчасць пшанічнага соладу

У Горацкім філіяле ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» асвоілі новую вытворчасць і пачалі выпускаць пшанічны солад. Пра гэта расказаў дырэктар Горацкага хлебазавода Дзмітрый Губараў.

«Мы асвоілі вытворчасць новага інгрэдыента, які ўваходзіць у склад карыснага хлеба. Гэта ферментаваны пшанічны прадукт павышанай харчовай каштоўнасці», – сказаў ён.

Вытворчасць пшанічнага соладу ў Горках стала вынікам сумеснай распрацоўкі ў межах дзяржаўнай навукова-тэхналагічнай праграмы «прамысловыя, бія- і нанатэхналогіі». Фінансаваўся праект з рэспубліканскага бюджэту і рэспубліканскага інавацыйнага фонду. Распрацоўку праекта вялі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій з «Дамачаем» на працягу некалькіх гадоў.

«Вытворчасць пшанічнага соладу пачынаецца з ачысткі зерня пшаніцы. Пасля гэтага іх замочваюць, пакідаюць пры пэўнай тэмпературы і вільготнасці прарастаць. Калі парасткі дасягаюць неабходнага памеру, пшаніцу высушваюць і здрабняюць», – расказаў Дзмітрый Губараў.

Карысны хлеб вырабляюць у Магілёве, адзначыў дырэктар Горацкага філіла булачна-кандытарскай кампаніі. Яго можна знайсці на прылаўках магазінаў за межамі рэгіёна і падчас выязнога гандлю, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі. «Усё больш людзей звяртаецца да тэмы здаровага харчавання, таму такі хлеб карыстаецца попытам у спажыўцоў», – адзначыў ён.

ААТ «Булачна-кандытарская фабрыка «Дамачай» – найбуйнейшы вытворца хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў у Магілёве і вобласці. У абласным цэнтры размясціліся тры вытворчасці, яшчэ сем філіялаў працуе ў раёнах. Тут вырабляюць каля 500 відаў прадукцыі. Усяго на прадпрыемстве працуюць амаль 2 тыс. чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая