RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскую вобласць з рабочай паездкай наведвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Яўген Лук’янаў

Магілёўскую вобласць з рабочай паездкай наведвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Яўген Лук’янаў.

Галоўным пунктам праграмы стала сустрэча дыпламата са старшынёй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанідам Зайцам, дзе абмяркоўвалася супрацоўніцтва дзвюх краін.

Леанід Заяц падкрэсліў, што Расійская Федэрацыя была і застаецца найважнейшым эканамічным партнёрам як нашай краіны ў цэлым, так і Прыдняпроўскага краю. За пяць месяцаў 2021 года ўдзельная вага краіны-суседкі ў знешнегандлёвым абароце Магілёўскай вобласці склала 54,9% ($853,9 млн.), у экспарце – 53,7% ($519,1 млн.). Пры гэтым знешнегандлёвы абарот паслуг павялічыўся на 41,4% у параўнанні са студзенем-маем 2020 га да $27,9 млн., экспарт вырас на 19,3% да $17,6 млн., імпарт – у 2,1 раза, дасягнуўшы $10,3 млн. Сальда гандлю паслугамі склалася станоўчае – $7,3 млн. Аб’ём замежных інвестыцый з Расійскай Федэрацыі ў Магілёўскую вобласць за вышэйзгаданы перыяд склаў $ 32,2 млн. (122,2%).

У цяперашні час на тэрыторыі Прыдняпроўскага краю ў межах заключаных інвестыцыйных дагавораў рэалізуецца шэраг буйных праектаў з удзелам расійскага капіталу. Так, ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» стварае прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду і чыгуначнага пад’езду да яго ў СЭЗ «Магілёў». ТАА «Олдсіці» рэканструіруе будынак гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўзводзіць шматфункцыянальны аб’ект з паркінгам па завулку Камісарыяцкім у Магілёве; СТАА «Дазатар-плюс» мадэрнізуе вытворчасці помпаў-дазатараў і гідраматораў.

Сёння з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі аблвыканкамам заключана 25 пагадненняў, а з гарадамі і раёнамі Магілёўшчыны – яшчэ 83 дакументы міжнароднага характару.

Леанід Заяц падкрэсліў, што асноўным напрамкам узаемадзеяння дзвюх дзяржаў з’яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, уключаючы эканамічныя форумы, выставы-кірмашы. Таксама значныя праекты ў сферы культуры, адукацыі і спорту. Будаўнічыя арганізацыі нашай вобласці актыўна ўдзельнічаюць ва ўзвядзенні сацыяльна значных аб’ектаў на тэрыторыі краіны-суседкі.

Падчас сустрэчы былі ўзняты і праблемныя пытанні, звязаныя з пастаўкамі на расійскі рынак сыроў ААТ «Бабушкина крынка» і прадукцыі ААТ «Магілёўліфтмаш».

Яўген Лук’янаў запэўніў, што міжрэгіянальнае супрацоўніцтва па розных пытаннях атрымае ўсебаковую падтрымку. «Калі мы хочам працягваць адносіны, будзем уладжваць супярэчнасці, вырашаць праблемы, – падкрэсліў расійскі дыпламат. – Што тычыцца сітуацыі з продажам магілёўскіх ліфтаў на тэрыторыі Расіі, была дапушчана кадыфікацыйная памылка, якая перашкодзіла далейшай закупцы гэтай прадукцыі. У межах Саюзнай дзяржавы беларускія парламентарыі могуць звярнуцца з каментарыем да сваіх калег, і заканадаўцы Расійскай Федэрацыі павінны гэта выправіць. Варта разабрацца, у чым праблема з «Бабушкиной крынкой». Часцей за ўсё шурпатасці ўзнікаюць з-за нядобрасумленнай канкурэнцыі, бо брэнд беларускай малочнай прадукцыі рэкламы не патрабуе».

Працоўны візіт Яўгена Лук’янава будзе доўжыцца да 4 жніўня. Плануецца наведванне СЭЗ «Магілёў», знаёмства з працай найбуйнейшых прадпрыемстваў рэгіёна, рабочыя сустрэчы па рэалізацыі сумесных праектаў у сферы культуры. Госць таксама наведае Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, дзе навучаюцца студэнты, у тым ліку па расійскай праграме.

Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая