RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Маладзёжны пасол МУР Кацярына Чорная: праблема захавання марскіх экасістэм актуальная і для нас

Наша краіна знаходзіцца на водападзеле басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. І хоць прамога выхаду да іх няма, маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця Кацярына Чорная ўпэўненая: праблема забруджвання і закіслення воднага асяроддзя для нас таксама актуальная.

Кацярына–студэнтка Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. Сама родам з Бялыніч, цяпер жыве і вучыцца ў Горках:

– Гэты горад падарыў шмат сяброў, а яшчэ тут у мяне маса магчымасцей для самарэалізацыі: удзельнічаю ў конкурсах, пішу навуковыя артыкулы на эканамічную тэматыку, з’яўляюся валанцёрам. Нядаўна спіс дасягненняў папоўніўся новым радком – стала маладзёжным паслом МУР і прадстаўляю мэту № 14 – «Захаванне марскіх экасістэм».

Паўдзельнічаць у конкурсе «Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця – будучыня ў нашых руках» другакурсніца вырашыла спантанна, убачыла пост у Instagram, успамінае Каця:

– Захацела паспрабаваць свае сілы ў такім маштабным і сур’ёзным праекце. А чаму не? У мяне шмат ідэй. Тым больш што заўсёды цікавілася гідрасферай: з дзяцінства любіла пазнаваць новыя факты аб бязмежных морах і акіянах.

Галоўная мэта Каці ў тым, каб як мага больш школьнікаў і студэнтаў даведалася аб праблеме забруджвання водных экасістэм. Бо сусветны акіян ўплывае на ўмовы надвор’я на планеце, таксама ў ім жыве вялікая колькасць жывых арганізмаў, якія ўяўляюць велізарную каштоўнасць для ўсяго чалавецтва. Для дасягнення сваёй задачы разам з камандай аднадумцаў студэнтка праводзіць тэматычныя круглыя сталы і лекцыі:

– Падчас сустрэч часта паўтараю, што кожны можа ўнесці ўклад у захаванне марскіх экасістэм. Самае простае – не выкідваць смецце ў рэкі і азёры. Размаўляючы з моладдзю, расказваю ім пра МУР: знаёмлю з мэтамі, разам абмяркоўваем глабальныя задачы і спрабуем знаходзіць шляхі іх вырашэння. Дзецям гэта цікава. На занятках у адной з мясцовых гімназій вучні задавалі масу пытанняў. Спадзяюся, даведаліся шмат новага і карыснага.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая