RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Марыйка» сарвала аншлаг на тэатральным форуме ў Магілёве

XV Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.кантакт», які ў гэтыя дні праходзіць у Магілёве, цалкам апраўдвае свой статус. У кожнай пастаноўцы задзейнічаны або маладыя акцёры, або рэжысёры, або драматургі.

Яркай старонкай форума стаў паказ спектакля-ўдзельніка маладзёжнай творчай лабараторыі «М.@rt.Кантакта». Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў сёння прадставілі публіцы літаратурную музычна-пластычную кампазіцыю «Марыйка», пастаўленую па аднайменнай паэме магілёўскага паэта Алеся Казекі.

Дзеянне адбываецца ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Раніцай 15 чэрвеня 1942 года яе акружылі фашысты і ўчынілі жудасную расправу над мясцовымі жыхарамі. Адных расстрэльвалі, з іншых здзекаваліся, маленькіх дзяцей кідалі ў калодзеж, а старэйшых падымалі на штыкі. Пазабавіўшыся ўдосталь, карнікі разам з вёскай спалілі больш за 2 тысячы вяскоўцаў.

Асэнсаванне рэалій вайны ў спектаклі пададзена праз прызму перажыванняў вясковай дзяўчыны Марыйкі, якая цудам выжыла ў той трагічны дзень, але страціла ўсіх сваіх родных.

– Для мяне гэта не проста паэма, а рэквіем, пераадоленне. Крык душы, калі хочаце! – гаворыць Алесь Казека. – Яна расказвае гісторыю маёй сям’і. Марыйка – гэта мая мама, а Шурка і Вольга – яе брат і сястра, якія згарэлі ў страшным агні. Як і двое дзетак цёткі – хлопчыкі 3 і 7 гадоў. У сваім творы я дзялюся формулай, як можна выйсці з сітуацыі, калі нацызм падымае галаву: зло нельга пакараць злом. Да сябе, да міру, да пераадолення любой цяжкасці можна прыйсці толькі праз любоў і веру.

Алена Свірыдава і Ганна Пракапенка з Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа глядзелі спектакль, затаіўшы дыханне.

– Да свайго сораму, аб трагедыі ў Борках даведаліся толькі сёння, – кажуць дзяўчаты. – Гісторыя літаральна ўзрушыла нас, мы жыва прадставілі карціну тых страшных падзей. У некаторых момантах скура густа пакрывалася мурашкамі, хацелася плакаць. Спадабалася як тэкставая частка, таму што на сцэне адзін з акцёраў зачытваў урыўкі проста з кнігі, так і візуальнае рашэнне, ігра акцёраў, якія літаральна пражывалі на сцэне маленькае жыццё. Ёсць жаданне падрабязней даведацца пра тыя страшныя падзеі і, зразумела, прачытаць паэму цалкам.

Нагадаем, XV Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.кантакт» праходзіць у Магілёве з 21 па 27 сакавіка. Асноўная афіша ўключае 15 спектакляў ад 9 беларускіх і 3 расійскіх тэатраў. У спецыяльную праграму фестывалю ўвайшлі творчыя сустрэчы і майстар-класы з артыстамі, рэжысёрамі, пісьменнікамі.

ДАРЭЧЫ

Спектакль «Марыйка» пакажуць ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці ў межах праекта «Песні роднай зямлі».

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая