RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч наведаў БРУ

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч сёння наведаў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Ён азнаёміўся з выставай дасягненняў ВНУ ў галіне будаўніцтва, праектавання і занятасці моладзі, даведаўся пра навуковыя даследаванні і перспектыўныя праекты. Таксама для гасцей правялі экскурсію па лабараторыях новага корпуса навучальнай установы, дзе наглядна прадэманстравалі магчымасці наяўнага абсталявання.

Як расказаў Руслан Пархамовіч, БРУ быў абраны для наведвання не выпадкова. У свой час сам міністр атрымліваў тут веды, а таксама пачынаў узводзіць новы корпус, будучы яшчэ галоўным інжынерам мясцовай будаўнічай арганізацыі.

«Прыемна бачыць, што ВНУ працягвае развівацца не толькі ў галіне пастаянных прафесій і напрамкаў навуковай дзейнасці, але і заўсёды ўкараняе ў навучальны працэс новае, – адзначыў Руслан Пархамовіч. – Прыемна, што пры гэтым Беларуска-Расійскі ўніверсітэт ужо доўгі час застаецца на вядучых пазіцыях не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй краіне».

Пагутарыўшы з прадстаўнікамі факультэтаў, міністр пачуў нямала цікавых і слушных прапаноў па ўдасканаленні навучання студэнтаў будаўнічым спецыяльнасцям. «Будаўнічая галіна павінна ісці ў нагу з часам, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, – падкрэсліў Руслан Пархамовіч. – І калі для гэтага неабходныя новыя кірункі і крыху больш часу, каб вывучыць кампетэнцыі, будзем падтрымліваць, прасоўваць».

Дарэчы, у Беларусі да 2022 года плануецца перайсці на поўнае праектаванне дзіцячых садкоў у фармаце 3D. «Гэта звязана з тым, што мы бачым вялікую перспектыву ў BIM-праектаванні, – канстатаваў міністр. – Такі падыход выключыць лішнія выдаткі, памылкі, узмоцніць узаемадзеянне паміж праекціроўшчыкамі і будаўнікамі. Пасля мы плануем сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўкараніць BIM-тэхналогіі і ў гэту сферу».

У той жа час, узводзячы аб’екты, не варта забываць пра асаблівасці будынкаў. Важна, каб яны хораша ўпісваліся ў вуліцы, каб гэта было не толькі эфектыўна з эканамічнага, сацыяльнага пункту гледжання, але і горадабудаўнічага, упэўнены Руслан Пархамовіч.

Падчас візіту ў БРУ міністр таксама правёў сустрэчу са студэнтамі, якія змаглі задаць госцю пытанні. Ён расказаў моладзі аб значнасці дзяржаўнай сімволікі, дасягненні ў будаўнічай галіне і перспектывах развіцця. Руслан Пархамовіч асабліва адзначыў неабходнасць шырокага прапагандавання традыцыйных прафесій. «Безумоўна, сёння ў трэндзе IT-тэхналогіі, але ніхто не адмяняў ручную і разумовую працу. І будаўнічыя прафесіі ва ўсе часы будуць карыстацца попытам», – падсумаваў міністр.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая