RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мітынг у Магілёве: афганская вайна застанецца сведчаннем найвышэйшай доблесці і гонару – Дзмітрый Харытончык

Афганская вайна ніколі не будзе выкраслена з народнай памяці і застанецца сведчаннем найвышэйшай доблесці і гонару. На гэта звярнуў увагу, выступаючы сёння на мітынгу, прысвечаным 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык.

Ён падкрэсліў, што, пакідаючы 15 лютага 1989 года далёкую краіну, наша армія сыходзіла адтуль непераможанай. Войскі выводзіліся паводле абавязку і загадзе, і тыя задачы, якія ставіла перад імі Радзіма, выканалі.

«Любыя войны, лакальныя, сусветныя – гэта бедства і адначасова цяжкае выпрабаванне для ўсіх людзей, – адзначыў Дзмітрый Харытончык. – На жаль, чалавецтва занадта хутка забывае трагічныя ўрокі мінулага. Па-ранейшаму на зямлі працягваюцца канфлікты. Таму сёння для кожнага з нас агульная задача – зрабіць усё магчымае, каб ніколі больш не адбывалася войнаў і разбурэнняў, каб усе людзі жылі пад мірным небам».

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў выказаў упэўненасць у тым, што воінам-афганцам, якія ведаюць пра вайну не па чутках, ёсць што расказаць падрастаючаму пакаленню, перасцерагчы яго і растлумачыць усю згубнасць разбуральнай стыхіі, якую прыносіць вайна.

Дзмітрый Харытончык выказаў падзяку ветэранам вайны ў Афганістане за стойкасць, самаадданасць, мужнасць і выказаў словы ўдзячнасці маці, родным і блізкім за выхаване годных грамадзян, якія з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Ён пажадаў прысутным моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, міру і дабра.

Мітынг-рэквіем, прысвечаны 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, прайшоў у Магілёве на набярэжнай ракі Днепр. У мерапрыемстве прынялі ўдзел воіны-інтэрнацыяналісты з усяго рэгіёна, кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі грамадскасці і моладзевых арганізацый. Яны ўсклалі вянкі і кветкі да помніка-капліцы, а таксама ўшанавалі хвілінай маўчання мужнасць герояў.

Аналагічныя ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны з ускладаннем кветак і вянкоў да мемарыялаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая