RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На батлеечнае прадстаўленне запрашае музей імя П. В. Масленікава

З 13 снежня да 17 студзеня ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава будуць праходзіць батлеечныя паказы. Пра гэта паведамілі ва ўстанове культуры.

На «Каляднай містэрыі» ў музеі госці змогуць даведацца аб гісторыі народнага лялечнага тэатра, пагрузіцца ў атмасферу таямнічага дзейства, убачыўшы старадаўнюю калядную інтэрмедыю «Цар Ірад».

Як адзначылі суразмоўцы, унікальнасць Магілёўскай батлейкі ў тым, што яна з’яўляецца копіяй арыгінала, які знаходзіцца ў расійскім этнаграфічным музеі Санкт-Пецярбурга. Экспанат, створаны ў канцы 19-га стагоддзя, падарожнічаў па землях Прыдняпроўскага краю. Батлеечнікі выступалі на плошчах, на рынках, іх запрашалі ў хаты. На Каляды тэатралы часта паказвалі сярэднявечную п’есу, вядомую з канца 16-га стагоддзя, – «Цар Ірад». Іншая частка прадстаўлення звычайна не была звязана з біблейскімі тэмамі і складалася з інтэрмедый, пабудаваных на жыццёвых гісторыях.

«Батлеечны тэатр – гэта цэлы пласт культуры, – падкрэслілі ў музеі. – У «батлеечнай культуры» па-свойму сканцэнтраваліся і менталітэт беларускай нацыі, і гісторыя народаў, якія спрадвечна насялялі землі Вялікага Княства Літоўскага. Спектаклі дэманструюць жыццёвую мудрасць, сямейныя каштоўнасці, духоўна-маральныя арыенціры, уласцівыя беларускаму народу».

Кошт квітка – 5 руб.

Папярэдні запіс для груп ад 5 чалавек у буднія дні па тэлефонах: (8 0222) 71-17-49; 62-24-25.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая