RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На палях Быхаўскага кансервава-агароднінасушыльнага завода павялічылі пасевы гарошку да 500 га

На палях ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод»у разгары– сяўба зялёнага гарошку. Сёлета пасяўныя плошчы тут вырашылі павялічыць да 500 гектараў.

Палі падабралі пасля азімых культур, яшчэ з восені пачалі рыхтавацца да вяснова-летняй пасяўной кампаніі. Перш за ўсё прыбралі салому з палёў, пад усе пасяўныя плошчы ўнеслі гербіцыды суцэльнага дзеяння, затым прыступілі да ўзняцця зябліва. Ранняй вясной прадоўжыліся работы па падрыхтоўцы глебы. І да гэтай працы паставіліся з усёй сур’ёзнасцю. Адначасова выканалі закрыццё вільгаці і культывацыю, выраўнялі палі па дыяганалі, каб ліквідаваць усе няроўнасці. Апошнім этапам падрыхтоўкі да сяўбы стала ўнясенне стартавай дозы мінеральных угнаенняў.

Згодна са складзеным графікам пасеву і ўборкі гэтай агародніннай культуры, сяўбу вядуць паэтапна, з невялікімі перапынкамі, улічваючы вытворчыя магутнасці перапрацоўчага прадпрыемства. Для пасеву выкарыстоўваюцца розныя гатункі гароху–ранняга, сярэдняга і позняга тэрміну паспявання, які ў сярэднім складае 60–80 дзён.

– Насенне для вырошчвання зялёнага гарошку закуплялі праз беларускую ўніверсальную таварную біржу, – расказвае адказны за пасяўныя работы Сяргей Дзячэнка. – Выкарыстоўваем венгерскія гатункі «Корвін», «Фаварыт», «Амега», усе высейваюць гатункі першай рэпрадукцыі ўраджаю 2020 года. Згодна з лабараторным заключэннем, насенне высокай якасці.

Усе палявыя работы выконвае вопытны трактарыст-машыніст Аляксей Сямёнаў. Цяпер ён працуе на трактары «Беларус»-1523 з французскай сеялкай дакладнага высеву.

– Самае галоўнае ў маёй працы– захоўваць хуткасць руху да 12 кіламетраў у гадзіну, інакш не будзе выконвацца ўстаноўленая норма высеву, – з веданнем справы расказвае трактарыст-машыніст.

Пасля 3–5 дзён на трактары МТЗ-82 з апырсквальнікам ОП-3000, абсталяваным навігацыйнай сістэмай, праводзіць хімпраполку пасеваў супраць пустазелля трактарыст-машыніст Іван Бірукоў. Сельгасработы прыпыняюцца толькі на час ветранага і дажджлівага надвор’я.

Усё гэта ў комплексе, як разлічваюць у ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод», дазволіць атрымаць добры ўраджай зялёнага гарошку, да ўборкі якога запланавана прыступіць ужо ў першай дэкадзе ліпеня. Варта адзначыць, што мясцовыя аграрыі летась вырасцілі рэкордны ўраджай зялёнага гарошку. На некаторых участках палёў ён складаў амаль 72 ц/га, на асобных частках поля – да 90 ц/га. Такія паказчыкі самыя высокія ў Беларусі. У сярэднім у нашай краіне збіраюць 30–35 ц/га. Дамагчыся поспеху, лічаць спецыялісты прадпрыемства, дапамаглі навука, вопыт і самааддача калектыву.

bykhov.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая