Спецыяльную прэмію Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ў сацыяльнай сферы ўручыў сёння сарака маладым людзям рэгіёну старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Урачыстая цырымонія прайшла ў Музеі Славы Магілёўшчыны.


«Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы сабраліся, каб адзначыць таленавітых, мэтанакіраваных маладых людзей, хто сваімі ведамі і актыўнасцю фарміруе будучыню маладзёжнага асяроддзя. Прыемна, што такія рабяты ёсць ва ўсіх сферах нашага жыцця», – адзначыў Анатоль Ісачанка. Ён падкрэсліў, што прысуджэнне прэміі – гэта прызнанне ўдзелу ва ўмацаванні патэнцыялу Прыдняпроўскага краю, дасягненні значных вынікаў з прычыны ўпартай працы: «Але поспех вымяраецца не толькі асабістымі заслугамі, але і тым, якую карысць ты прыносіш грамадству. У аснове ўсіх вашых дзеянняў павінна ляжаць шчырае жаданне зрабіць жыццё навокал лепшым, даказаўшы, што вы з'яўляецеся сапраўднымі патрыётамі і грамадзянамі сваёй краіны. Сённяшняя прэмія – гэта не толькі ацэнка вашай працы, але і магутны стымул рухацца наперад. Асабліва хачу адзначыць, што падтрымка моладзі ў нашай краіне – гэта не разавая акцыя, а стратэгічны прыярытэт. Дзяржава прыкладае ўсе намаганні, каб вы маглі паспяхова рэалізоўваць свае ідэі, ствараць сем'і і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень», – падкрэсліў кіраўнік рэгіёну, павіншаваўшы рабят з атрыманнем ганаровых узнагарод, і пажадаў далейшага развіцця і поспехаў.


Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзялілася адна з удзельніц Таццяна Баравая, якая працуе выкладчыкам у Магілёўскім інстытуце МУС: «Для мяне было нечакана стаць лаўрэатам. У нас у Магілёве дастаткова шмат талентаў у розных сферах, канкурэнцыя высокая. Вядома, вельмі прыемна, вельмі значна атрымаць з рук губернатара дыплом, кветкі. І знаходзіцца ў такой атмасферы, дзе цябе акружаюць выдатныя людзі, якія рухаюцца наперад, дасягаюць сваіх мэт і не спыняюцца на гэтым». Таццяна адзначыла, што як былой прафесійнай спартсменцы, ёй ёсць пра што расказаць і з чым параўноўваць: «У нас вельмі добра развіты накірунак спорту. Вялікі выбар розных секцый, спартовых пляцовак. І ў іншых кірунках, без сумневаў, таксама. Шмат увагі надаецца атрыманню адукацыі на ўсіх узроўнях. Гэта значыць моладзі падаецца ўсё – толькі бяры і рабі. Таму вялікі дзякуй нашай дзяржаве за гэтыя магчымасці».


Яшчэ адзін лаўрэат Ігар Цярэнцьеў, дацэнт кафедры археалогіі, гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, кандыдат гістарычных навук, расказаў, што яму вельмі прыемны давер калектыву, які вылучыў яго на атрыманне такой высокай узнагароды.«Усё атрымалася, таму эмоцыі ад урачыстасці – толькі станоўчыя. Такія мерапрыемствы зараджаюць пазітывам, энергіяй, прыемнымі эмоцыямі, – падкрэсліў ён. І падкрэсліў, што ў дасягненні поспехаў немалаважную ролю іграе навакольнае атмасфера: «У нас добры калектыў, добры мой навуковы кіраўнік. Усё разам гэта і дало менавіта той вынік, які я зараз маю. Так, гэта быў вельмі доўгі працэс, шмат працы, упартасць і цудоўныя людзі побач, якія дапамагалі мне на маім шляху».

Распавяла аб сваіх дасягненнях і спартсмен–інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па барацьбе вольнай Рэспубліканскага цэнтра «Стайкі», магіляўчанка Марта Гетманава, якой сёння таксама была ўручана ўзнагарода: «Займаюся барацьбой з 13 гадоў – ужо сёмы год. Мне падабаецца разнастайнасць гэтага віду спорту. Я з'яўляюся бронзавым прызёрам чэмпіянату свету сярод юніёраў, чатырохразовай прызёркай чэмпіянату Еўропы да дваццаці гадоў і дваццаці трох гадоў. Гэта не першая мая такая ўзнагарода. Зусім нядаўна, у гонар 35–годдзя Нацыянальнага алімпійскага камітэта, я была намінаваная ў топ–35 спартсменаў да дваццаці аднаго года і таксама атрымлівала падобную прэмію. Вельмі радая, што атрымала яе і зараз. Гэта прыемна, я ўдзячная за магчымасць быць тут».

Для ўдзельнікаў сустрэчы ў гэты дзень былі арганізаваны канцэртная і экскурсійная праграмы.


Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч