Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка напярэдадні Дня Перамогі сустрэўся з 99–гадовым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Міхаілам Антонавічам Цітовым. У гонар ветэрана пад вокнамі дома сёння адбыўся ўрачысты марш.

Калі пачалася вайна, Міхасю Антановічу было 15 гадоў, а ў 17 – ён уступіў у 346–й партызанскі атрад, удзельнічаў у дзевяці дыверсіях, а пасля злучэння з Чырвонай Арміяй аўтаматчыкам 5–й гвардзейскай стралковай дывізіі 3–го Беларускага фронта вызваляў Усходнюю Прусію, дзе быў двойчы кантужаны і атрымаў цяжкае раненне, падарваўшыся на міне пад Кёнігсбергам. Дзень Перамогі ён сустрэў у шпіталі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «Партызан Айчыннай вайны», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй».

У мірны час стаяў ля вытокаў стварэння брэнда «Бабулін гладыш», мае ганаровае званне «Ветэран працы», выхаваў дзвюх дачок, сёння ён любімы дзядуля дзвюх унучак і трох унукаў, прадзед шасцярых праўнучак. І заўзяты дачнік. Толькі выйшаўшы на вуліцу, адразу зазначыў, што ў такое надвор'е добра саджаць бульбу. І распавёў журналістам, якія гатункі выбірае, а яшчэ з гонарам паведаміў, што яго фруктовы сад у аг. Дашкаўка Магілёўскага раёна сёлета патанае ў квецені.

Ветэран падзяліўся і ўспамінамі аб пераможным маі 1945 года: «Я гэты дзень памятаю да дэталяў. Мы ж спалі тады, а тут раптам на вуліцы шум, страляніна, усё ўскокваюць, пытаюцца, што здарылася, і чуюць у адказ – Дзень Перамогі! Што тут пачалося... Хто спяваў, хто плакаў, хто абдымаўся. Немагчыма нават перадаць гэтую весялосць».

Звяртаючыся да будучых пакаленняў, Міхась Антановіч сказаў: «Усе людзі на зямлі жадаюць міру. І я больш за ўсё гэтага хачу. Таму што перанёс на сваіх плячах усе нягоды вайны, смерць людзей, бачыў, як вялі на расстрэл майго дзядулю. Таму ўсім міру, міру і яшчэ раз міру. Толькі ў міры чалавек жыве ў радасці. Я не хачу, каб наш народ ваяваў. Сёння бяда ў тым, што некаторыя людзі ў свеце не разумеюць, што яны робяць. Нельга людзям ваяваць».

Анатоль Ісачанка цёпла пагутарыў з ветэранам. Напярэдадні свята кіраўнік рэгіёну таксама павіншаваў усіх ветэранаў, пажадаўшы ім моцнага здароўя і жыць як мага даўжэй: «На жаль, ветэранаў становіцца ўсё менш. Але зносіны з імі надаюць сілу і ўпэўненасць. Жадаецца рабіць яшчэ больш для нашай краіны. Таму што яны заваявалі Перамогу, яны апора нашай незалежнасці, яны той падмурак, на якім будавалася наша рэспубліка. Гэта тыя людзі, якія з першых вуснаў даносяць, што такое вайна, што такое фашызм, і наколькі яны шануюць мір. Калі размаўляеш з імі, слова «мір» яны нават прамаўляюць некалькі па–іншаму, таму што яны мінулі гэтыя жахі, яны бачылі бруд, боль, зверства фашызму.

І тым не менш, мяне дзівіць іх невычэрпная воля, энергія. Той жа Міхась Антонавіч у сваім шаноўным веку кажа старшыні сельскага савета, каб прывёз яму не колатых дроў, таму што, удакладняе: «Сам буду калоць». І ён сапраўды гэта робіць. Разумееце, які ў яго запал энергіі, стаўленне да жыцця.


Таму трэба ў іх вучыцца. Мы жывем сёння ў дабрачынным свеце, у добрай краіне. І нам трэба зрабіць усё, каб захаваць гэты свет. А захаваць яго можна толькі тады, калі мы разам. Калі ў нас ёсць вось такі падмурак і апора. А мы можам усё зрабіць, галоўнае, каб мы былі заўсёды разам і любілі сваю краіну, сваю радзіму».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч