На пазачарговай дваццаць дзявятай сесіі Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка прадставіў новага кіраўніка раёна – Аляксандра Анжэнку. Яго кандыдатура была ўзгоднена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам 28 верасня.


Да прызначэння на пасаду старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Анжэнка займаў пасаду намесніка старшыні Хоцімскага райвыканкама, дзе курыраваў пытанні архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва–камунальнай гаспадаркі.

– За час працы Аляксандр Мікалаевіч зарэкамендаваў сябе як кампетэнтны і патрабавальны кіраўнік. Ён прафесійна вырашае пастаўленыя задачы, валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, стратэгічным мысленнем і ўменнем працаваць у рэжыме шматзадачнасці, – адзначыў Анатоль Ісачанка.

Кіраўнік Магілёўскай вобласці пажадаў Аляксандру Анжэнку поспехаў на новай пасадзе на карысць Клімавіцкага раёна і яго жыхароў, а таксама падзякаваў Віктару Пугачу, які да гэтага часу ўзначальваў раён, за добрасумленную працу.

 mogilevnews.by